Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адзначылі дзень памяці продкаў — Дзяды (фота)


Радыё Свабода 2 лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці продкаў — Дзяды. Многія людзі ў гэты дзень наведалі храмы, а таксама магілы памерлых сваякоў. На Ўсходніх могілках Менску пабывала наша карэспандэнтка.

Каля ўваходу на Ўсходнія могілкі некалькі жанчын прадавалі штучныя кветак. Аднак неўзабаве зьявілася міліцэйская машына, і каля дзясятка міліцыянтаў прагналі гандлярак.

(Карэспандэнтка: ) “Яны што, хацелі забраць вашыя кветкі?”

(Спадарыня: ) “Усе, усе кветкі хацелі забраць”.

(Карэспандэнтка: ) “І што яны вам казалі?”

(Іншая спадарыня: ) “Казалі, сыходзьце адгэтуль, тут няможна стаяць”.

(Спадарыня: ) “Я кажу, тут могілкі, сёньня вялікае сьвята, гэта традыцыя. Ніхто ў такія дні не павінен нікога чапаць”.

(Іншая спадарыня: ) “Я тут гандлявала сем гадоў. Кабзон неяк ішоў і казаў, што ў іх на могілках ніхто нікога не чапае”.

(Спадарыня: ) “А тут міліцыя, ганяюць”.

(Іншая спадарыня: ) “Ці яны здурнелі ўжо, я не разумею”.

(Спадарыня: ) “І адмысловы дазвол узялі ў Менгарвыканкаме — і ўсё роўна. Я ўвогуле не разумею, што адбываецца”.

(Іншая спадарыня: ) “Разумееце, у міліцыянтаў заробак паўтара мільёна, а ў людзей заробкі й пэнсіі 300 тысяч. Як ім выжываць? Хіба гэта справядліва?”

Людзі, якія ішлі на могілкі, казалі, што задаволеныя тым, што тут можна купіць кветкі.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да кветкавага гандлю. Людзям забараняюць гэта рабіць, а што вы думаеце?”

(Спадарыня: ) “Рэч такая, што ў нас не было магчымасьці паехаць на базар, каб там купіць кветкі. Мы людзі ўжо немаладыя, і нам вельмі зручна. Вось купілі і зойдзем наведаем мужаву маці, маю цётку. Я вельмі задаволеная”.

(Спадар: ) “А я дадам, што мне 66 гадоў, і я па-беларуску магу вельмі добра размаўляць. Дык вось, калі была вайна, то мне было чатыры гады, і я памятаю, як мы ўсё роўна сьвяткавалі Дзяды. Хадзілі на могілкі восеньню і ўвесну. Я гэта вельмі добра памятаю, а таму лічу, што і цяпер гэтую традыцыю нельга перапыняць”.

Сёлета на Дзяды выдалася халоднае надвор’е з дажджом і сьнегам. Але, паводле супрацоўнікаў могілак, сёньня сюды прыйшло нашмат больш людзей, чым у звычайныя дні. Многія людзі адпрасіліся з працы.

(Спадар: ) “У мяне тут маці пахаваная. Яна на Дзяды нарадзілася й на Дзяды памерла. І вось я сёньня тут”.

(Карэспандэнтка: ) “Сёньня будні дзень, як вам удалося прыйсьці?”

(Спадар: ) “Я сёньня адпрасіўся з працы”.

(Юнак: ) “Гэтае сьвята не шануецца так, як некалі. Бо рэжым зьмяніўся, стаў з камуністычным ухілам. 7 лістапада адзначаецца як выходны дзень, а сваіх продкаў памянуць — лічыцца ўжо ня сьвятам”.

(Карэспандэнтка: ) “А што вам бліжэй да душы?”

(Спадар: ) “Каб Дзяды сьвятам былі. Бо людзі ж на могілкі ўсё роўна ідуць”.

(Спадарыня: ) “Людзі наведаць хочуць, бо трэба ж нашых продкаў згадваць, наведваць і памятаць пра іх”.

(Юнак: ) “І каб гэтую рэвалюцыю адмянілі як сьвята. Што гэта за сьвята?”

(Спадар: ) “Ну, лістападаўская рэвалюцыя, канечне — тэрарызм па-цяперашняму называецца”.

(Юнак: ) “Чырвоны тэрор — гэта ня нашае сьвята”.

Некаторыя наведнікі Ўсходніх могілак разам з кветкамі несьлі сюды сьвечкі. Яны прыбіралі магілы сваякоў, а таксама наведвалі пахаваньні вядомых людзей: Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Генадзя Карпенку. Сярод іншых палітык і грамадзкі дзеяч Андрэй Саньнікаў.

(Саньнікаў: ) “Я, як звычайна, прыйшоў на Дзяды, нягледзечы на тое, што ўлады адмянілі выходны дзень. Я лічу, што павінны быць вось такія дні памяці, таму я тут. І згадваю і сваіх продкаў, і тых людзей, якіх я ведаў, быў побач у гэты цяжкі для Беларусі час. Напрыклад, Генадзь Карпенка тут пахаваны, Васіль Быкаў і многія іншыя”.

Продаж кветак каля ўваходу на могілкі

Міліцыянты праганаюць гандлярак

Магіла Васіля Быкава

Магіла Уладзімера Караткевіча

На могілкавай алеі
XS
SM
MD
LG