Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае беларуска-расейскія дачыненьні?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

(Валер Карбалевіч: ) “Упершыню за шмат месяцаў Уладзімер Пуцін канцэптуальна выказаўся наконт беларуска-расейскай інтэграцыі. Хоць сёлета Пуцін і Лукашэнка сустракаліся не аднойчы, іхныя заявы перад журналістамі былі вельмі агульныя й дыпляматычныя. І вось у сераду, адказваючы пытаньні расейскіх грамадзянаў, прэзыдэнт Расеі адзначыў, што разьвіваць інтэграцыю трэба з эканомікі, пераходу Беларусі на расейскі рубель. Таксама прагучалі скаргі на цяжкасьці ў мытным рэгуляваньні й пагрозы скараціць пастаўкі нафты. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую заяву?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Тэзы, якія вылучыў Пуцін, эканамічныя толькі паводле формы. У існасьці, гэта такі мяккі палітычны ўльтыматум. Галоўная думка, якая там прагучала: калі вы хочаце таннага газу, нафты, то пераходзьце на адзіную валюту.



Прычым, тэрмін “адзіная валюта” таксама эўфэмізм. Бо насамрэч гаворка ідзе пра пераход на расейскі рубель. То бок, Беларусь павінна прыняць валюту іншай дзяржавы. На гэтую тэму Лукашэнка не аднойчы выказваўся, ён адзначаў, што гэта страта значнай часткі сувэрэнітэту. Натуральна, што пагадзіцца на гэта Беларусь ня можа нават пад руляй пісталета ці газавай трубы. То бок, эканамічная чыньнікі — гэта інструмэнты правядзеньня пэўнай палітыкі Масквы. І той жа “Газпром” — блізкая да Крамля карпарацыя.

Пуцін таксама раскрыў сакрэт полішынэля. Ён гаварыў пра магчымыя абмежаваньні нафты. А фактычна такая палітыка ўжо праводзіцца. Толькі расейская кампанія “Транснафта” тлумачыла гэта тэхнічнымі прычынамі, нібыта знайшлі дэфэкты ў нафтаправодзе “Дружба”. Цяпер стала зразумела, што гэта дэфэкты ў канструкцыі саюзнай дзяржавы.

Пуцін вымушаны казаць свайму электарату, што выстаўляем на першы плян эканамічныя дачыненьні, бо ніякага руху на шляху прыняцьця Канстытуцыйнага акту наступнымі гадамі ня будзе”.

(Кірыл Коктыш: ) “Першапачатковая задумка саюзнага праекту з боку Масквы палягала ў тым, каб стварыць інструмэнт для вырашэньня ўнутрырасейскіх праблемаў. Трэба было прадэманстраваць расейцам, што Расея, нават знаходзячыся ў галечы й фрустрацыі, можа быць прывабнай для суседзяў. І саюзная дзяржава была добрым інструмэнтам для дасягненьня гэтай мэты. І яна была дасягнутая. Цяпер такой вострай неабходнасьці ў гэтым праекце няма.



Прычым, гэты праект для Расеі даволі дарагі. Расея інвэстуе ў Беларусь 3—5 мільярдаў даляраў у год. Таму цяпер Пуцін імкнецца паставіць кропкі над “і”: ці пабудаваць саюзную дзяржаву, ці забыцца пра гэты праект і растлумачыць расейцам, чаму гэтага ня можа быць.

Дарэчы, колькасьць прыхільнікаў аб’яднаньня зь Беларусьсю ў Расеі памяншаецца. Калі ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя іх было каля 80%, то цяпер толькі каля 30%”.

(Карбалевіч: ) “Апошнім часам у беларускім дэмакратычным асяродзьдзі хадзіла шмат чутак і хваляваньняў з нагоды таго, што з дапамогай газавага ціску Расея можа прымусіць Беларусь да аншлюсу, што магчымы рэфэрэндум аб канстытуцыйным акце саюзнай дзяржавы. Здаецца, Пуцін абверг гэтыя трывогі. Ён адзначыў, што без эканамічнай інтэграцыі немагчымая палітычная.

Затым, ён выказаў засьцярогу, што ў працэсе палітычнай інтэграцыі можа ўзьнікнуць канкурэнцыя двух цэнтраў — саюзнага і расейскага — як падчас развалу СССР. Нарэшце ён згадаў пра пачатак выбарчых кампаніяў у Расеі, што выштурхвае інтэграцыю за межы двухгадовага выбарчага маратону. Дык ці азначае гэта, што беларуска-расейская інтэграцыя ў пуцінскім варыянце закончылася і будзем чакаць новай мадэлі саюзнага будаўніцтва пры новым расейскім прэзыдэнту праз два-тры гады?”

(Класкоўскі: ) “Дарэчы, на сваёй прэсавай канфэрэнцыі 29 верасьня перад расейскімі журналістамі Лукашэнка таксама выказаў меркаваньне, што ў зьвязку з электаральнымі кампаніямі ў Расеі пытаньне саюзнага будаўніцтва будзе на два-тры гады адкладзенае. Цяпер гэта пацьвердзіў Пуцін.

Цяпер абодва бакі бачаць, што прынцыповыя пытаньні невырашальныя. Масква ня хоча даваць прынцыповых паўнамоцтваў Лукашэнку ў саюзнай дзяржаве. А кіраўнік Беларусі ня згодны на кіраваньне дэкаратыўнымі органамі, празь якія ён ня будзе мець уплыву й ня зможа гуляць на расейскім палітычным полі. Таму цяпер тут тупік.

Але фармальна няма супярэчнасьцяў у пытаньні, каб пачынаць інтэграцыю з эканомікі. Лукашэнка таксама казаў, што нельга будаваць дом з даху, трэба спачатку стварыць роўныя ўмовы гаспадараньня. Але кожны бок па-свойму разумее гэтыя ўмовы. Для Расеі гэта магчымасьць узяць пад кантроль беларускую газавую трубу, а для Беларусі — каб ішлі танныя энэргарэсурсы.

І ўся інтэграцыя з самага пачатку была ня вельмі шчырая, бо кожны бок імкнуўся вырашыць свае інтарэсы. І вось такі заканамерны фінал. Цяпер па некаторых пытаньнях бакі стаяць на мяжы вайны — ва ўсялякім разе, інфармацыйнай вайны”.

(Коктыш: ) “Пасьля памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне ў Маскве адбылося пераасэнсаваньне саміх асноваў палітыкі адносна постсавецкіх краінаў. Саюзнае будаўніцтва, як і дачыненьні з Украінай, Малдовай, Грузіяй будаваліся на канцэпцыі падтрымкі прарасейскіх сілаў.

Але рэвалюцыя ва Ўкраіне паказала, што гэтая канцэпцыя не працуе. Цяпер Расея робіць стаўку не на нейкія абстрактныя прарасейскія эліты, якіх насамрэч няма, а на адказныя эліты, зь якімі можна дамаўляцца. Здаецца, гэты курс будзе працягнуты й пасьля Пуціна. Цяпер інтэграцыя будзе ісьці паміж сувэрэннымі краінамі. Дарэчы, толькі 6% грамадзянаў Беларусі згодныя на страту сувэрэнітэту”.

(Карбалевіч: ) “Здаецца, заява Пуціна на адрас Беларусі была выказаная даволі дыпляматычным тонам, адрозна, напрыклад, ад прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі 29 сакавіка. І вось у адказ старшыня камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі Чаргінец пагражаў вывадам з тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў. Ці не падаецца вам такая рэзкасьць трохі неадэкватнай? Можа, гэта выдае страх беларускай эліты перад расейскім шантажом?”

(Класкоўскі: ) “Заявы такога кшталту носяць выключна піяраўскі характар. Хачу нагадаць, што пра расейскія вайсковыя аб’екты і ўвогуле пра ўвесь комплекс паслугаў вайсковага, мытнага, памежнага характару нагадваў і Лукашэнка на той самай прэсавай канфэрэнцыі. Тады ён налічыў, што гэтыя паслугі каштуюць 2 мільярды (а павышэньне цаны на газ будзе каштаваць Беларусі толькі 1 мільярд).

Дарэчы, і “Газпром” таксама праз мэдыі чыніць ціск, заяўляе, што цана на газ будзе каштаваць як для Нямеччыны. Гэта ўсё элемэнты інфармацыйнай вайны. Такім чынам, кожны з бакоў умацоўвае свае пазыцыі перад вырашальным турам перамоваў. Думаю, што гэтыя перамовы прывядуць да кампрамісу.

Дарэчы, пагадненьне пра вайсковыя аб’екты было падпісанае ў 1996 годзе. І гэта таксама быў кампраміс, “нулявы варыянт”. Расея сьпісвала запазычанасьці за газ, а Беларусь адмовілася ад платы за расейскія вайсковыя аб’екты і ад патрабаваньняў кампэнсацыяў за выведзеную зь беларускай тэрыторыі ядзерную зброю.

І цяпер Масква і Менск зьвязаныя ў вайсковых пытаньнях. Бо беларуская зброя і вайсковая тэхніка празь некаторы час пераўтворыцца ў мэталёвы лом, калі ня будзе каапэрацыі з Расеяй.

Увогуле, ідзе да таго, што інтэграцыйны флёр будзе асыпацца, стасункі будуць набываць прагматычны характар. І гэта будзе на карысьць абодвум бакам”.

(Коктыш: ) “Гэтым разам Масква добра падрыхтавалася да канфлікту зь Беларусьсю. Расея ўжо год таму падлічыла, якія захады трэба прымаць, каб умацаваць Калінінградзкі вайсковы раён і зрабіць яго фарпостам для ўмацаваньня расейскіх сілаў на Захадзе замест Беларусі. Беларуская групоўка можа быць замененая некалькімі самалётамі клясу “Авакс”. Але Беларусі гэта нявыгадна.

Прэсавая канфэрэнцыя 29 верасьня з гледзішча Расеі была пераходам межаў. Таму я вельмі пэсымістычны наконт магчымых кампрамісаў. Масква будзе ўжываць цэнавы дыктат. У горшым варыянце зь Беларусьсю можа здарыцца тое ж самае, што і з Грузіяй”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, выказваньні Пуціна яшчэ раз пацьвердзілі несумяшчальнасьць менскай і маскоўскай мадэляў інтэграцыі. Гэта азначае, што напярэдадні падпісаньня газавага кантракту на наступны год, крызіс у беларуска-расейскіх дачыненьнях нарастае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG