Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі няма статыстыкі пра фізычны і маральны гвалт у школах


Ігар Карней, Менск Выпадкі фізычнага ці маральнага гвалту ў беларускіх школах – справа надзвычайная. Яны калі і здараюцца, то здарэньні замоўчваюцца кіраўніцтвам ўстановаў. Зрэшты, і самі навучэнцы асабліва пра іх не распавядаюць, баючыся карных захадаў з боку школьнага кіраўніцтва. Аднак некаторыя бацькі праз суды дамагаюцца матэрыяльнай кампэнсацыі за сапсаванае здароўе сваіх дзяцей.

Бацькі Аляксандра Букоўскага ўжо некалькі гадоў судзяцца з адной са школаў у сталічным мікрараёне Сухарава. На думку бацькоў, адміністрацыя навучальнай установы не стварыла патрэбнай маральнай атмасфэры ў школе, з-за чаго частыя выпадкі “рукапрыкладзтва” з боку настаўнікаў, а “дзедаўшчына” з боку фізычна мацнейшых над слабейшымі – частая справа.

Сам Аляксандар кажа, што супраць яго клясу падбухторвае адзін з вучняў.

(Аляксандар: ) “Адзін хлопчык настройвае ўсіх супраць мяне. Я трываю, але потым, калі ўжо не атрымліваецца, то даю рэшты. Хоць мне тата і забараняе”.

Маці Сьвятлана Букоўская кажа, што Аляксандра, як фізычна слабейшага, часта зьбіваюць аднаклясьнікі. Настаўнікі ж на гэта глядзяць скрозь пальцы. Урэшце Букоўскім прапанавалі пашукаць іншую школу.

(Букоўская: ) “Цяжка нават сказаць, як менавіта маё дзіця апынулася ў такой сытуацыі. Але я не хачу пераводзіць сына ў іншую школу. Я хачу, каб ён вучыўся менавіта ў гэтай школе. Чаму дзецям не наведваць школу, якая месьціцца там, дзе і іхныя дамы – ня трэба пераходзіць дарогу, а тым больш, ня трэба езьдзіць кудысьці далёка”.

Тры гады таму Букоўскія падалі ў суд на адміністрацыю школы. Ад таго часу справа з месца амаль не скранулася. Хаджэньні бацькоў па інстанцыях прывялі да таго, што ўжо некалькі разоў цалкам мянялася школьнае кіраўніцтва. Аднак, паводле спадарыні Букоўскай, нічога станоўчага тыя ракіроўкі не далі. Доўга на настаўніцкім месцы ніхто не затрымліваецца, цякучка кадраў назіраецца пастаянна.

Адзін з былых дырэктараў Андрэй Гарачаў, некалі пераведзены на іншую працу, сёньня ня схільны ва ўсім вінаваціць школу.

(Гарачаў: ) “Мы ў гэтай сытуацыі разьбіраліся, у нас у школе была створаная спэцыяльная канфліктная камісія. Мы гэтай справай займаліся цэлы месяц. Я дагэтуль не лічу, што ў чымсьці школа была вінаватая і ня згодны, што школу ў нечым можна абвінавачваць”.

Афіцыйнай статыстыкі пра выпадкі фізычнага ці маральнага гвалту ў школах не існуе. Інфармацыя пра бойкі паміж вучнямі і пра абразы з боку настаўнікаў зрэдку выходзяць за школьныя сьцены.

Намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно не адмаўляе, што выпадкі гвалту ў беларускіх школах быць могуць. Аднак ён кажа, што новы закон аб адукацыі, паводле якога сёлета пачаўся навучальны год, дазваляюць вырашаць любыя спрэчкі – як паміж бацькамі і адміністрацыяй, так і паміж настаўнікамі і навучэнцамі.

(Фарыно: ) “Сыстэма адукацыі ўступіла ў навучальны год з законам “Аб агульнай сярэдняй адукацыі”. Дзеля рэалізацыі гэтага закону будзе распрацоўвацца праграма разьвіцьця агульнай сярэдняй адукацыі на бліжэйшыя 10 гадоў. Адна з асноўных задачаў у сэнсе нарматыўнага забесьпячэньня працы ўсёй сыстэмы адукацыі – вось гэты закон, які для сыстэмы адукацыі ёсьць асноўным. Ён увойдзе складнікам у Кодэкс законаў аб адукацыі, які рыхтуецца. І ўсё гэта будзе спрыяць падвышэньню якасьці адукацыі і выхавацельскай працы”.

Апошнім часам усё больш нараканьняў на гвалт ідэалягічны. Так, у некаторых школах папаўненьне шэрагаў піянэрскай арганізацыі і БРСМ адбываецца пад прымусам. Пры гэтым статуты арганізацый наўпрост гавораць: сяброўства ў гэтых зьвязах – справа цалкам добраахвотная.
XS
SM
MD
LG