Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі адзначаюцца Дзяды -- дзень памяці продкаў


Іна Студзінская, Менск Гэта старадаўняя рэлігійна-народная традыцыя, дзень памяці продкаў. У гэты дзень ходзяць на могілкі, гатуюць дома абрадавыя стравы. Як дзяржаўнае сьвята, Дзяды ў Беларусі праіснавалі некалькі гадоў у пачатку 90-х. Што пра Дзяды ведаюць беларусы?

(Спадарыня: ) “Я ведаю, што ў гэты дзень узгадваюць родных, сваякоў, якія сышлі ад нас. Я заўсёды пра іх памятаю. Вельмі шмат блізкіх мне людзей сышлі ад нас”.

(Карэспандэнтка: ) “А ты ведаеш, што такое Дзяды?”

(Хлопчык: ) “Не, ня ведаю”.

(Юнак: ) “Гэта калі шануюць памерлых, езьдзяць на могілкі, узгадваюць пра родных, якіх няма з намі. Канечне, пра іх мы памятаем заўсёды, але ў гэты дзень мы больш яскрава, цёпла ўзгадваем пра іх”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы самі адзначаеце гэта сьвята?”

(Юнак: ) “Так. Але не заўсёды атрымліваецца з’езьдзіць на могілкі менавіта ў гэты дзень, часьцей проста ў сям’і ўзгадваем пра памерлых, памінаем іх”.

(Спадар: ) “Дзяы ўжо прайшлі. Была бацькоўская дзьмітраўская субота. Мы прыходзілі ў храм, былі на службе, маліліся. І дома памінаем у малітвах усіх родных, якія пайшлі з гэтага жыцьця ў царствіе, спадзяемся, нябеснае”.

(Дзядуя: ) “А Бог яго ведае. Нічога не магу сказаць”.

(Спадарыня: ) “Адзначаем абавязкова Дзяды. На могілкі ходзім. І ў царкву таксама”.

(Спадар: ) “Канкрэтна ня ведаю. Ведаю толькі, што гэта памінаньне бацькоў. Молімся ўсёй сям’ёй за памерлых”.

(Спадарыня: ) “Я пастаянна наведваю царкву, веда, што такое Дзяды. Гэта памінаньне памерлых. Прыходзім у царкву, ставім сьвечкі, молімся”.

(Спадар: ) “Дзяды – гэта ўзгадваньне ўсіх памерлых”.

(Карэспандэнтка: ) “А ў вашай сям’і Дзяды адзначаюцца?”

(Спадар: ) “Так, абавязкова ходзім на могілкі, ставім зьнічы, молімся за памерлых”.

(Дзяўчына: ) “У маёй сям’і мы абавязкова адзначаем Дзяды. Сходзім у касьцёл, замовім імшу, памолімся за іх. На могілкі сходзім”.

(Хлопец: ) “Так, адзначаем Дзяды. Ходзім у храм, молімся Богу, прыходзім дахаты, таксама молімся, размаўляем з душамі родных і блізкіх”.

Паэт Васіль Зуёнак лічыць, што чалавек адчуе сябе ўпэўнена, грунтоўна на гэтай зямлі толькі тады, калі ён памятае сваіх продкаў і думае пра нашчадкаў.

(Зуёнак: ) “Дзяды для кожнага чалавека – гэта сьвяты абавязак успомніць усіх, хто на нашай грэшнай зямлі жыў, хто ствараў для нас глебу, на якой мы зараз грунтуемся. Я маю на ўвазе шырокую такую прастору – духоўную, фізычную, маральную. Набліжэньне ў гэты дзень ідзе па ўсіх лініях – і да нашай гісторыі, да сьветапогляду. Гэта ўсё залежыць ад тых людзей, якіх мы узгадваем на Дзяды. І зноў і зноў пераасэнсоўваем, да нашых дзён гэта ўсё прыстасоўваем, далучаем да свайго лёсу – як ты пражыў сам, каб нехта і нас успомніў добрым словам. Дзяды – гэта вельмі мудрая, старая, векапомная традыцыя, якая, я думаю, будзе жыць, пакуль жыве чалавек. Таму што чалавек адчувае сябе грунтоўна толькі тады, калі ён бачыць за сабою вялікі-вялікі сьвет нашых продкаў, і, з другога боку, празь сябе бачыць сваіх нашчадкаў. Якія тых, каго мы зараз успамінаем, будуць таксама ўзгадваць. І гэтым самым мы злучаемся ў гэтай вечнай зямной нашай Адысеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG