Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь сьпіваецца” -- канстатуе “Народная воля”


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 2 лістапада

Сёньня “Народная воля” піша пра адказы першага намесьніка міністра інфармацыі Ліліі Ананіч на пытаньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Стэнаграму гутаркі дапаўняе рэдакцыйны камэнтар, дзе тлумачыцца чаму рэдактары шэрагу незалежных выданьняў вымушаны ў абыход Мінінфармацыі зьвяртацца з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі.

“Народная воля” друкуе артыкул старшыні Рэспубліканскага грамадзкага аб''яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане Аляксандра Камароўскага. Аўтар лічыць: улады перасьледуюць яго па палітычных матывах.

Як сёньня паведамляе “Народная воля”, на тэрыторыі вучэбнага цэнтру “Валоўшчына” Міністэрства ўнутраных спраў загінуў салдат тэрміновай службы. За камэнтарам трагедыі газэта зьвярнулася да кіраўніка сілавога ведамства Ўладзімера Навумава.

“Беларусь сьпіваецца”, -- канстатуе “Народная воля” і сярод іншых лічбаў ды фактаў нагадвае: у краіне каля трыццаці міліцыянтаў звольненыя за тое, што кіравалі аўтатранспартам у нецьвярозым стане.

Тыднёвік “Брестский курьер” зьвяртаецца да эканамічнага банкруцтва заводу “Колератрон”. Журналіст Зьміцер Паталятаў паведамляе, як рэагуе на канфліктную сытуацыю Беларускі прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.

(Паталятаў: ) “Раней было сем тысяч працаўнікоў, а цяпер засталося паўтысячы. Заробкі – ад 70 да 170 тысяч рублёў за месяц. У сувязі з гэтым прафсаюз зьбіраецца правесьці юрыдычную экспэртызу загадаў у дачыненьні працаўнікоў. Відавочна, што тут ня ўсё ў парадку”.

“Газета Слонимская” паведамляе вынікі праверкі дзейнасьці мясцовага лясгасу Камітэтам дзяржкантролю. Выданьне адзначае, што на плошчы ў 63 тысячы гектараў выкрытыя факты незаконных лесасекаў, драўніны страчана больш як на 40 мільёнаў рублёў. “Уладзімер Кулакоўскі, які ўзначальваў Слонімскі лясгас, ужо не працуе дырэктарам”, -- даводзіць “Газета Слонимская”.
XS
SM
MD
LG