Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За крадзеж ордэнаў можна будзе патрапіць у турму на пяць год


Уладзімер Глод, Менск Менавіта за такую норму ў Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксах прагаласавалі на сваім апошнім паседжаньні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Раней крадзеж урадавых узнагарод разглядаўся выключна як дробнае злачынства. Цяпер жа ён будзе клясыфікавацца як злачынства супраць уласнасьці. Ня ўлічваліся дагэтуль і паўторныя затрыманьні, групавыя злачынствы.

Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, які абгрунтоўваў неабходнасьць падвышэньня пакараньняў, прывёў наступную статыстыку:

(Навумаў: ) "Летась і за 9 месяцаў сёлета ўзбуджана 166 крымінальных спраў. Скрадзена больш за 800 ордэнаў і мэдалёў".

Злодзеі альбо ўзломвалі кватэры, альбо падманвалі гаспадароў узнагарод, часам нават падменьвалі ордэны ды мэдалі на іх муляжы. Рызыка была невялікай, паколькі суды не ўлічваюць асобую каштоўнасьць узнагарод для пацярпелых. Такім чынам, адказнасьць звычайна выглядала несуразьмернай злачынству.

Міністар падкрэсьліў, што колькасьць падобных здарэньняў, на думку экспэртаў, зь вялікай верагоднасьцю будзе расьці, бо падвышаецца каштоўнасьць узнагарод:

(Навумаў: ) "Напрыклад, мэдаль "За оборону Севастополя" калекцыянэры ацэньваюць прыкладна ў 400 тысяч рублёў. А ордэн Леніна, якіх, дарэчы, летась скралі тры, зроблены з каштоўных мэталяў і ўтрымлівае ў сабе каля 34 грамаў срэбра, золата ды плаціны".

Ардэнаносец з партызанскіх часоў пісьменьнік Валянцін Тарас мае дваістыя адносіны да захадаў улады:

(Тарас: ) "Мне здаецца, што тут ёсьць пэўная ідэалягізацыя. Гэта яшчэ адзін штрышок да парадку, да спакою. да стабільнасьці. На гэтым фасадзе, менавіта на фасадзе, зьявіцца яшчэ адна загагулінка. Усё-такі тут ёсьць ідэалягічная падкладка. А з другога боку, адмахвацца зусім, відаць, нам непатрэбна. Калі гэта сапраўды будзе накіраванае на тое, каб абараніць чалавека ад злодзеяў і прыструніць злодзеяў, дык, хай сабе будзе".

Цікаўлюся ў спадара Тараса ягоным асабістым стаўленьнем да ўзнагарод, бо час ад часу даводзіцца чуць, як моладзь называе іх бразгодкамі ды прапануе вэтэранам здаць іх у музэі:

(Тарас: ) "Трэба падыходзіць з нармальнага чалавечага стаўленьня. У мяне таксама ёсьць і ордэн, і ўзнагароды, якія я атрымаў за ўдзел у вайне. Я паважаю па-сапраўднаму тыя ўзнагароды, якія я атрымаў менавіта на вайне. І за вайну. А вось ужо юбілейны мэдаль, які на мяне навешалі за 60 пасьляваенных гадоў, гэта -- прапагандысцкія бляшкі. Улада, так бы мовіць, “аддзелвалася” ад вэтэранаў тым, што вешала на іх яшчэ адну бляху. А старое, вядома, як малое".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG