Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 1 лістапада


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

У суполцы Жывога журналу minsk_by абмяркоўваюць сёньняшні прысуд Зьмітру Дашкевічу.

“З кожным днём у мяне ўзрастае агіда да ўласнага народу... 300 чалавек стаяць каля будынку суду... а астатніх, відаць, усё задавальняе”.

“А хто такі Дашкевіч? Чалавек, які ў “Маладым фронце” пачаў актыўна рабіць значкі й маечкі, ці той, які як сьлед страйк зрабіць ня можа? Я ведаю, ён вельмі папулярны ў сваіх колах, але ж па справе нічога ня робіць”.

“Часам я пачынаю разумець латышоў зь іхным жаданьнем цалкам выкараніць усё савецкае й бальшавіцкае... Яны культывуюць у маладым пакаленьні нянавісьці да сябе. Міне 20 год, і яны будуць ныць, што іх уціскаюць і судзяць за былыя справы”.

Нехта Lipski прачытаў на сайце “Свабоды” інтэрнэт-канфэрэнцыю з Паўлам Севярынцам і выклаў у ЖЖ-суполцы by_politics такія назіраньні: “Мяркуючы з інтэрнэт-канфэрэнцыі, Паша канчаткова й беспаваротна “пасунуўся” на глебе рэлігіі. А добры мог бы палітык атрымацца...”

Вось якую рэакцыю гэтая нататка выклікала ў чальцоў суполкі:

“З такім народам толькі на Божую літасьць адны спадзяваньні. Павал малайчына”.

“...Надакучыла рэальнасьць прапанаваная. Надакучыла пустая балбатня й бязьдзеяньне. Надакучыла, калі цкуюць тых, хто спрабуе нешта зьмяніць... Колькі год мы яшчэ будзем наступаць на адны й тыя ж граблі, асьцерагаючыся зьдзейсьніць нешта, няхай неардынарнае, няхай вар’яцкае! Можа быць, менавіта вар’яцтва нам і бракуе, каб зьмяніць нешта ў лепшы бок?”

Mirritil у сваім інтэрнэт-дзёньніку піша пра факт вэб-хамства й шавінізму, зь якім ён сутыкнуўся на адным з брытанскіх сайтаў: “Калі сярод accepted languages стаіць толькі ангельская, дык сайт грузіцца па-ангельску. Але калі перад ангельскай паставіць беларускую, дык загружаецца расейская вэрсія. Пакуль разабраўся, чаму… Каб убачыць сайт у арыгінальным, некранутым выглядзе, давялося беларускую перасунуць уніз у сьпісе. Цікава, а калі на сайт заходзяць кітайцы – ім загружаюць японскую вэрсію?”

На сайце Ініцыятыва можна знайсьці фотарэпартаж з пэрформансу на Гэлаўін: у традыцыйнага гарбуза, зь якім па менскіх вуліцах хадзілі маладыя людзі, былі густыя чорныя вусы.

Сайт studenty.by таксама зьмяшчае фотарэпартаж – учора ўвечары па менскіх вуліцах шпацыравалі вядзьмаркі, вампіры ды розная іншая пошасьць. Так беларускія студэнты адзначалі Гэлаўін.

Тэма Гэлаўіну паўстала й на форумах парталу TUT.by. Тамтэйшыя наведнікі абмяркоўваюць артыкул з сайту газэты “Салідарнасць” “Царква супраць Гэлаўіну”. Прадстаўнікі праваслаўнай царквы называюць гэтае сьвята дзікунствам. Вось некаторыя меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Царква страчвае свае пазыцыі... А калі й надалей будуць толькі падорваньнем ордэнаў адзін аднаму займацца, дык неўзабаве і ўвогуле непатрэбнай стане”.

“Праваслаўе адпальвае! То “Код да Вінчы” зьняло з паказу, то Гэлаўін ім не падабаецца. Зноў ЗША-фобія...”

“У новы год натоўп п’янага народу вылазіць на вуліцы і раве песьні, шмат хто шукае з кім бы пабіцца. На Купальле ў вёсках вырываюць лаўкі. На кожнае сьвята можна глядзець адмоўна”.

На сайце Беларуская жаба абнаўленьне – зноў не каляж, а цалкам рэальнае фота – плякат з подпісам: “ЗА: утульнасьць у кватэры, чысьціню ў пад’ездах, асабісты рахунак без завінавачанасьцяў. ЗА гаспадара, які ўсё гэта стварыў”.

* * * Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG