Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даманскі


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях “Свабоды” аўтар працягвае згадваць рэчы і зьявы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

У сакавіку 1969 году на тэлетайпных стужках інфармацыйных агенцыяў замільгацела назва дагэтуль нікому невядомага востраву Даманскі. Там, на лапіку зямлі, пасярод скутай лёдам ракі Ўсуры, надарыўся ўзброены канфлікт паміж савецкімі і кітайскімі войскамі.

Час быў трывожны – кажу гэта без іроніі. Тады нават старыя цёткі, што сядзелі на лаўках перад нашым пад’ездам, гаманілі пра Даманскі і пра тое, колькі “нашых людзей там загінула”. А васьмідзесяцігадовая бабця, што жыла пад намі, кожнага разу паўтарала: “Пойдзе Кітай – усё кідай!” Жарсьцяў паддавала і тэлебачаньне: там паказвалі хунвэйбінаў з цытатнікамі Мао ў руках ды сьпісаныя герогліфамі савецкія вадаплавы, якія кагадзе наведалі кітайскія парты.

Тады ж, адгукаючыся на трывожныя выклікі часу, у нас у школе арганізавалі заняткі па праграме пачатковай вайсковай падрыхтоўкі. Праводзіў іх лейтэнант памежнай службы, які хадзіў у форме і які з гэтай прычыны атрымаў мянушку Лясьнік.

На першым уроку вывучалі адгазьнік. Лясьнік адразу перасьцярог нас ад фатальнай памылкі. “Некаторыя недарэкі забываюцца выцягнуць гумовы корак і праз тое, падчас газавай атакі, могуць загінуць”. Намаляваўшы на дошцы схему адгазьніка, сьпісаны з войска лейтэнант нацягнуў на голаў шлем-маску, застыў у нерухомасьці, потым тузануўся, маска пачала спарадычна разьдзімацца, і Лясьнік зьдзёр яе з барвовага твару. Мы азваліся дружным сьмехам: недарэка забыўся выцягнуць гумовы корак.

Наступныя заняткі праводзілі на школьным стадыёне. “А цяпер – разгрупоўваемся і бяжым у бок агароджы”, – загадаў Лясьнік. Мы пабеглі, пераскочылі праз агароджу і ўжо павольнай хадою рушылі купляць марозіва. Вярнуліся хвілін празь дзесяць. Лесьніка на стадыёне не было. “Пабег да дырэктара”, – падумалі мы, але памыліліся. Да гонару Лесьніка, ён да дырэктара не пабег, адно запісаў у журнале паводзінаў загадкавую фразу: “Мыч., рев. как жив.”. Цалкам гэтая па-вайсковаму ляпідарная фраза мела гучаць так: “Мычали, ревели, как животные”.

У траўні пачалі вяртацца на дэмбель навапалачане, якія служылі на Далёкім Усходзе. Адзін зь іх, брат майго сябра, распавядаў, што кітайцаў разьмяжджулілі “градамі” і што ён асабіста зьбіраў пасьля бою спражкі з кітайскіх рамянёў – такім чынам падлічвалі страты варожага боку. Ну а праз чвэрць стагодзьдзя, у выніку ўдакладненьня мяжы, частка спрэчных тэрыторыяў адышла да Кітаю. У выніку закаціўся на кітайскі бок і колішні яблык разладу – востраў Даманскі.
XS
SM
MD
LG