Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Зьмітру Дашкевічу: паўтара году калёніі


Любоў Лунёва, Менск Суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча зьняволеньнем на паўтара году з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Зьмітра абвінавацілі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Гэта ўжо пяты апазыцыянэр, пакараны паводле новага артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прапанаваў напярэдадні выбарчай кампаніі старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка.

Судзьдзі Кастрычніцкага раённага суду Але Булаш спатрэбілася паўтара дня, каб разгледзець справу Зьмітра Дашкевіча. Зьміцер не адмаўляўся ад свайго ўдзелу ў дзейнасьці “Маладога фронту”. Таму суд дапытаў некалькіх сьведкаў і перайшоў да спрэчак.

Паколькі паседжаньне адбывалася за зачыненымі дзьвярыма, паплечнікі Зьмітра стаялі на вуліцы. Яны былі апранутыя ў майкі з надпісам: “Малады фронт” не спыніць!”. Моладзь на вуліцы патрабавала вызваленьня актывіста моладзевага руху.

Судзьдзя Ала Булаш дазволіла прысутнічаць на абвяшчэньні прысуду бацьку Зьмітра, прадстаўнікам АБСЭ, амбасадарам ЗША і краінаў Эўразьвязу, а таксама некалькім журналістам.

Прысуд – паўтара году пазбаўленьня волі – паплечнікі Зьмітра, палітыкі і грамадзкія дзеячы, якія былі на вуліцы, успрынялі з абурэньнем. Больш за паўтары сотні моладзевых актывістаў разам зь лідэрам аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандам Мілінкевічам і старшынём камітэту дапамогі палітрэпрэсаваным Інай Кулей сталі жывым ланцугом насупраць будынку суду. Усе трымалі кветкі і партрэты Зьмітра Дашкевіча. Людзі скандавалі: “Ганьба!”, “Свабоду Дашкевічу!”.

Потым людзі завязалі сабе раты чорнымі стужкамі і сталі на калені. Празь некалькі хвілінаў яны прачыталі малітву “Ойча наш”. А потым падняліся з каленяў і пачалі скандаваць лёзунгі.

Аляксандар Мілінкевіч так пракамэнтаваў судовы прысуд:

(Мілінкевіч: ) “Гэты прысуд ня толькі не справядлівы, гэты прысуд усёй нашай моладзі. Гэта яшчэ адзін сыгнал Эўропе, якая думае: “А, можа, раптам? Можа, трэба з гэтым рэжымам супрацоўнічаць? Можа, трэба прачыніць дзьверы?” Рэжым пляваць хацеў на ўсе гэтыя прапановы й сам не дэманструе ніякага кроку наперад. Абсалютна ніякага сэнсу няма зь ім сустракацца і супрацоўнічаць, пакуль ён хоць раз не прадэманструе, што спыняюцца палітычныя перасьледы”.

Паплечнікі Зьмітра назвалі суд над Дашкевічам палітычнай расправай. Гаворыць актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка:

(Палажанка:) “”Малады фронт” усё роўна не спыніць гэтым усім. Паўтара году – гэта для нас, вядома, вельмі балюча, але што да арганізацыі, то “Малады фронт” быў, ёсьць і будзе. Тое, што гэта нашая перамога, мы ў гэтым упэўненыя, бо тых 1350 сьведкаў ніхто не выклікаў, тых сотняў людзей, якія хадзілі ў пракуратуру, іх не выклікалі. Гэта іхная слабасьць, гэта іхная няшчырасьць, таму мы будзем працаваць далей. Мы прысьвяцім Вясну-2007 барацьбе за палітвязьняў. Мы будзем змагацца ня толькі за нашую краіну, але й за нашых сяброў”.

Паплечнікі Зьмітра паклалі кветкі на ганак суду і дарогу ад яго. Не зьвяртаючы ўвагі на спэцназаўцаў, моладзь прайшла шэсьцем да праспэкту Дзяржынскага. Аляксандар Мілінкевіч узначальваў калёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG