Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: як гарадзенцы адзначаюць Дзяды?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Што для вас значаць Дзяды, ці ўшаноўваеце вы ў гэты дзень памяць памерлых? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенцы на старых гарадзкіх каталіцкіх могілках, дзе пахаваная пісьменьніца Эліза Ажэшка. У Горадні памінаюць продкаў два дні: 1 лістапада ў дзень Усіх Сьвятых (як і ў Польшчы) і 2 лістапада — на Дзяды.

(Спадарыня: ) “Тут пахаваныя мужавы бацькі, і сёньня якраз у іх было б залатое вясельле, але яны не дажылі да гэтай даты. Вядома, што існуюць восеньскія і вясновыя Дзяды. Вось тут каталіцкія могілкі, а яны самі былі каталікі, дык мы й прыйшлі адзначыць гэтае сьвята разам зь імі”.

(Пажылая спадарыня: ) “Мы тут бываем на Радаўніцу, а таксама на гэтыя сьвяты — на Ўсіх Сьвятых, 1 і 2 лістапада. Наш грабовец вялікі, пабудаваны яшчэ да вайны, пахаваныя ў ім шэсьць чалавек. А цяпер яшчэ сын прыехаў з Расеі, вось мы ўсе і прыйшлі. Усіх наведаць мы павінны, усіх памянуць”.

(Спадарыня: ) “На Дзяды сьвечкі абавязкова павінны быць, і кветкі таксама”.

(Сталая спадарыня: ) “Я карэнная гарадзенка, і ў мяне сваякі пахаваныя на трох розных могілках, таму я за адзін дзень не магу нават усіх наведаць, раблю гэта за два дні — 1-га лістапада і 2-га. Хаця я ўжо сама пэнсіянэрка, мне шэсьцьдзесят гадоў. Ня ўсе, канечне, трымаюцца сёньня гэтай традыцыі — тая ж моладзь, але я яшчэ трымаюся. А вось дзеці мае ўжо лянуюцца, у іх знаходзяцца тысячы прычынаў, ім проста ня хочацца памінаць продкаў”.

(Бабуля: ) “На могілкі мы прыносім кветкі са свайго гароду, памятаем сваіх родных, не забываем. Вось сёлета, два дні таму, паставілі помнік надмагільны, і на ім надпіс: “Пасьля цяжкай працы і хваробы няхай адпачывае душа ў небе, а цела ў дамавіне... Езус, давяраю табе”. Два гады ў мяне пайшло ўпартай працы дзень і ноч, каб паставіць гэты помнік, каштаваў ён тры тысячы даляраў”.

(Сталы спадар: ) “Для мяне вельмі важна аддаць даніну дзеду, які мяне гадаваў калісьці да самай школы, і маці — таму для мяне гэтае сьвята мае асаблівае значэньне. Мы таксама кожны год замаўляем імшу ў касьцёле па ўсіх сваіх памерлых. Заўтра ў нас гэта зноўку атрымаецца, якраз будзе ксёндз і набажэнства тут, на гэтых могілках у капліцы, і заўтра мы прыедзем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG