Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія дарослыя абяцалі Віцы Мароз вяртаньне ў Італію


Радыё Свабода Генуэскае “Радыё 19” перадало сёньня тэлефонную размову Вікі Мароз і карэспандэнта італьянскай газэты “Il Secolo XIX” Паола Крэкі. З кароткага дыялёгу вынікае, што дзяўчынка сумуе па сваіх італьянскіх маме і тату, што яна хоча вярнуцца да іх у Італію — і гэта ёй, дарэчы, абяцалі беларускія дарослыя.

Генуэскі журналіст Паола Крэкі першы (і адзін зь нямногіх) прадстаўнік прэсы, якому удалося сустрэцца зь Вікай Мароз у Барысаве, у хуткім часе па яе вяртаньні на радзіму. Сёньня Паола Крэкі датэлефанаваўся ў Жодзіна, у сям’ю Алены і Сяргея Васілеўскіх. Дарэчы, у гэтым доме ён бываў падчас сваёй нядаўняй паездкі ў Беларусь.

Да тэлефона падышоў 13-гадовы брат дзяўчынкі Саша, які ўжо некалькі гадоў выхоўваецца ў гэтай сям’і. Дарослых дома няма, яны працуюць. Журналіст размаўляе па-італьянску, Саша адказвае ня надта ўпэўнена, а таму журналіст зьвяртаецца па дапамогу перакладчыка. Нарэшце да тэлефона падыходзіць дзяўчынка.

(Перакладчык: ) “Прывітаньне, Віка, як маесься?”

(Віка: ) “Хто ты?”

(Перакладчык: ) “Я проста перакладчык. Калі табе зручней гаварыць па-расейску, я буду перакладаць”.

(Віка: ) “А ці можна па-італьянску?”

(Крэкі: ) “Віка, кажуць, ты выбрала сабе месца жыхарства?”

(Віка: ) “Гэта Італія”.

(Крэкі: ) “Тут табе шлюць вітаньні з усяго Кагалета, у тым ліку Марыя-К’яра Барначын”.

(Віка: ) “А можна яе?”

(Крэкі: ) “Не, яе няма побач. Але тут шмат людзей, якія цябе ведаюць. Тут пішуць, што ты выбрала Беларусь”.

(Віка: ) “Не, гэта хлусьня. Я хачу ў Італію, да мамы”.

(Крэкі: ) “Табе абяцалі, што ты можаш вярнуцца?”

(Віка: ) “Так”.

(Крэкі: ) “Дзякуй. Мы табе яшчэ патэлефануем”.

(Віка, сьмяецца: ) “Ты ўжо званіў тры разы!”

(Крэкі:) “Такая мая праца. Чао!”

(Віка: ) “Чао! І пасьпяховай працы”.

Камэнтуючы гэтую кароткую размову, мясцовыя аглядальнікі адзначаюць добрыя здольнасьці Вікі да італьянскай мовы. “Паводле яе вымаўленьня ня скажаш, што дзяўчынцы патрэбны дэфэктоляг. Часам яна размаўляе ўвогуле як дарослая”, — кажа італьянская радыёжурналістка.

Тым часам італьянская пара Джуста — Барначын у размове з генуэскімі СМІ зноў пацьвердзіла, што перавод Вікі ў сям’ю, дзе ўжо выхоўваецца яе брат, ёсьць найлепшым рашэньнем.

“Мы працягваем спадзявацца, што Віка аднойчы зможа вярнуцца да нас. Мы зьвярнуліся ў італьянскую арганізацыю, якая займаецца пытаньнямі ўсынаўленьня, з просьбай накіраваць наша хадайніцтва ў беларускі ўрад. Вядома, мы былі б вельмі рады прыняць і Сашу, каб брат і сястра маглі быць разам”, — сказаў Алесандра Джуста.

На здымку: журналіст Паола Крэкі (зьлева) зь перакладчыкам
XS
SM
MD
LG