Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя апаганілі будынак царквы “Новае жыцьцё”


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ўначы невядомыя аблілі сьцяну царквы чорнай фарбай, расьпісалі яе заклікамі супраць “таталітарных сэктаў” і нацыянал-бальшавіцкай сымболікай. Кіраўніцтва пратэстанцкай суполкі лічыць гэта вандалізмам і цкаваньнем вернікаў, якія бароняць будынак царквы.

Сёньня ўначы на фасадзе будынку поўнаэвангельскай царквы “Новае жыцьцё”, што ў менскім раёне Сухарава, зьявілася пляма чорнай фарбы й надпіс: “Не — таталітарным сэктам”. Вандалы пакінулі на сьцяне абрэвіятуру НБП (нацыянал-бальшавіцкая партыя) і сымболіку гэтай не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі. Надпісы зьявіліся побач з цытатай зь Першага пасланьня апостала Паўла да Карынцянаў: “Калі хто разбурыць Божы Храм, таго пакарае Бог”. Непадалёк валялася бляшанка ад фарбы.





Расказвае юрыст царквы Сяргей Луканін:

(Луканін: ) “Гэта проста абразьліва для нас, тым больш у цяперашняй сытуацыі. І характэрна, мы заўважаем, што цяпер падымаецца другая хваля паклёпу на нашу царкву. Напрыклад, у нядзелю па тэлеканале СТВ была вылітая чарговая порцыя хлусьні на наш адрас.

А ўчора, у газэце, цэнтральным органе ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, быў вялікі артыкул паклёпніцкага зьместу. У гэтым артыкуле былі ўжытыя словы “таталітарная сэкта”. І дакладна такія ж словы ноччу былі напісаныя на будынку нашай царквы. Я не хачу рабіць ніякіх высноваў, але гэтае супадзеньне, на мой погляд, вельмі сымптаматычнае”.

Сёньня ноччу ў будынку царквы знаходзіліся 24 чалавекі, але ніхто зь іх не заўважыў нічога падазронага. Калі ўбачылі надпісы, выклікалі міліцыю. На месца прыяжджаў патруль. Вернікі настойваюць, каб завялі крымінальную справу па фактах хуліганства й распальваньні міжрэлігійнай варожасьці.

(Луканін: ) “Я думаю, што іхныя мэты — гэта правядзеньне іхнай ідэалёгіі, ідэалёгіі фашызму. Яны абсалютна не прымаюць ніякага іншадумства, ніякага Бога. Думаю, што кумір гэтых людзей, нават калі яны гэтага і не падазраюць, — сатана”.

* * * Нядаўна скончылася 23-дзённая галадоўка вернікаў у абарону царквы “Новае жыцьцё”. Перад тым Менскі гаспадарчы суд абавязаў супольнасьць прадаць будынак гарадзкім уладам за 17 тысяч даляраў. Вернікі патрабавалі пакінуць іхную суполку ў спакоі й дазволіць у царкве набажэнствы. Кіраўніцтва Вышэйшага гаспадарчага суду днямі апратэставала рашэньне Менскага гаспадарчага суду.

Сёньня акцыю ў падтрымку “Новага жыцьця” каля беларускай амбасады ў Рызе правялі вернікі тамтэйшай суполкі “Новае пакаленьне”.
XS
SM
MD
LG