Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка БСДП (Грамада) Ганна Канюс аб’явіла галадоўку


Алесь Дашчынскі, Менск У Вільні пачала галадоўку старшыня Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс. Гэтай акцыяй яна выказвае салідарнасьць зь лідэрам партыі Аляксандрам Казуліным. Ганна Канюс хоча зьвярнуць увагу беларускай і міжнароднай супольнасьці на галадоўку Аляксандра Казуліна і на ягонае зьняволеньне.

Ганна Канюс вучыцца ў магістратуры зачыненага беларускімі ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Установа аднавіла працу ў Літве, і цяпер Ганна знаходзіцца там на сэсіі. У Вільні Ганна Канюс і аб’явіла галадоўку, якую трымае ўжо другія суткі. Якія мэты акцыі?

(Канюс: ) “Выказаць салідарнасьць з палітзьняволенымі, з Аляксандрам Казуліным, які цяпер знаходзіцца ў турме і таксама галадае. І акцэнтаваць увагу на гэтай праблеме ўсяго грамадзтва”.

Ганна мяркуе галадаць чацьвёра сутак, бо павінна вучыцца, хадзіць на лекцыі. Яна спадзяецца на падтрымку іншых актывістаў партыі, а таксама тых, хто браў удзел у выбарчай кампаніі Аляксандра Казуліна.

(Канюс: ) “Гэта пакуль што адзіны мэтад, які мы можам скарыстоўваць, каб забраць увагу і акцэнтаваць, што ёсьць такая праблема. І нічога больш пакуль што мы ня можам зрабіць”.

Старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі заявіў, што заўтра таксама пачынае галадоўку на знак салідарнасьці зь лідэрам партыі.

(Маслоўскі : ) “Сэнс галадоўкі ў тым, каб залучыць як мага больш у яе людзей. Таму мы для сябе вызначылі пэўны тэрмін. Працягвацца галадоўка для кожнага чалавека павінна адзін-пяць дзён, каб не было шкоды для здароўя. Такі тэрмін можа вытрымаць любы чалавек. Галадоўка ня будзе праходзіць у нейкім стацыянарным месцы, бо цяпер ідзе падрыхтоўка да мясцовых выбараў. Я думаю, што адзін-пяць дзён кожны чалавек бязь ежы фізычна можа пераносіць на нагах, на працы, па месцы жыхарства, дзе чалавек знаходзіцца ў гэты час. Мы будзем адзін аднаго зьмяняць — сёньня адзін галадуе, заўтра другі й гэтак далей”.
XS
SM
MD
LG