Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акруговыя выбарчыя камісіі цалкам сфармаваныя


Уладзімер Глод, Менск 4055 чалавек увайшлі ў склад акруговых камісіяў, якія будуць праводзіць мясцовыя выбары 14 студзеня 2007 году. Палітычная апазыцыя ў выбаркамы, за адзінкавымі выключэньнямі, не дапушчаная.

Галіна Барэйка, сябра Партыі камуністаў беларускай, трапіла ў склад Віцебскай абласной акруговай камісіі. Сакратар ЦК Аляксандар Пахлопка гаворыць пра яе так:

(Пахлопка: ) “Цяпер яна пэнсіянэрка. Раней працавала намесьнікам дырэктара ў каледжы. Але яе адтуль “папрасілі” за сяброўства ў нашай партыі. Пра гэта можна казаць дакладна. Віцебскі абкам падаваў яе кандыдатуру, і яе ўключылі ў камісію”.

На пытаньне, як ёй удалося трапіць у камісію, Галіна Барэйка адказвае:

(Барэйка: ) “Я й сама ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Ці праўду кажуць, што вас уключылі ў камісію менавіта ў той акрузе, дзе вы зьбіраліся вылучацца кандыдатам у дэпутаты?”

(Барэйка: ) “Так, я хацела туды кандыдатам. Але цяпер гэтага ўжо не атрымаецца — закон не дазваляе. Як жа я гэта буду — і ў камісіі там, і вылучацца там?”

Мае аднаго свайго прадстаўніка ў акруговых камісіях і Аб’яднаная грамадзянская партыя — ён абіраўся праз збор подпісаў. Аднак прозьвішча яго намесьнік старшыні партыі Анатоль Паўлаў не называе:

(Паўлаў: ) “Ён зьяўляецца сябрам нашай партыі. Але ў камісію балятаваўся, так бы мовіць, ад сябе. Прасіў яго “не сьвяціць”. Мы так і робім, бо ўжо зашмат каго засьвяцілі, шчыра кажучы”.

Наступныя этапы выбарчай кампаніі для нашага радыё назваў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Пасьля фармаваньня акруговых камісіяў яны перадусім павінны сфармаваць выбарчыя ўчасткі на тэрыторыі сваіх акругаў. Пасьля будуць стварацца ўчастковыя камісіі, якія непасрэдна зоймуцца падрыхтоўкай да галасаваньня. Паралельна будзе ісьці вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты”.

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца 5 лістапада.

* * * На мінулых мясцовых выбарах у 2004 годзе ў акруговых камісіях былі 24 прадстаўнікі палітычнай апазыцыі.
XS
SM
MD
LG