Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь стварыла ля Дому правасудзьдзя жывы ланнцуг


Любоў Лунёва, Менск Ля будынку Дому правасудзьдзя, дзе месьціцца суд Кастрычніцкага раёну Менску, а 16-й гадзіне сабраліся каля паўтары сотні сяброў “Маладога фронту”, а таксама лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч і старшыня камітэту дапамогі палітычным рэпрэсаваным Іна Кулей.

Пасьля вынясеньня прысуду лідэру “Маладога фронту” Зьмітру Дашкевічу сабраныя каля суду стварылі жывы ланцуг. Людзі, завязаўшы сабе раты чорнымі стужкамі, сталі на калені і прастаялі так некалькі хвілін, пасьля чаго ўсе разам пачалі чытаць малітву “Ойча наш”.

Затым моладзь вырашыла прайсьці шэсьцем у майках “Малады фронт” не спыніць” ад будынку суду ў бок праспэкту Дзяржынскага.

Байцы спэцназу, супрацоўнікі міліцыі назіраюць за акцыяй.

* * * Судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Менску Ала Булаш пакарала лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча пазбаўленьнем волі на паўтара году. Адбываць пакараньне Дашкевіч будзе ў калёніі агульнага рэжыму.

Судзьдзя ўлічыла тэрмін знаходжаньня Зьмітра Дашкевіча пад вартай – адлік адбыцьця пакараньня будзе весьціся ад 15 верасьня.
XS
SM
MD
LG