Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Захожая выходзіць з галадоўкі


Вячаслаў Кулік, Менск Прызначаная на сёньня ў Бабруйску сустрэча кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства “Белшына” й прадстаўнікоў Беларускага незалежнага прафсаюзу некалькі разоў пераносілася. На гэты час ні старшыня прафсаюзу Васіль Корабаў, ні намесьнік генэральнага дырэктара “Белшыны” Аляксандар Казлоў не камэнтуюць гутаркі. Тым часам лекары, родныя й сябры дапамагаюць Алене Захожай выйсьці з галадоўкі. Жанчына, якая працуе на “Белшыне” электрыкам, на 29-ты дзень галадоўкі страціла прытомнасьць на працоўным месцы й цяпер знаходзіцца ў гарадзкой бальніцы Бабруйску.

Ад вынікаў сёньняшняй сустрэчы на “Белшыне” залежала тое, ці хутка Алена Захожая вырашыць спыніць галадоўку. Але ўжо ў першай палове дня адбыўся кансыліюм мэдыкаў, якія канстатавалі, што для захаваньня здароўя Алена Захожая мае выйсьці з галадоўкі. Лекарам галадоўніца верыць:

(Захожая: ) “Вельмі добрыя. Усе вельмі ўважлівыя. Сёньня абсьледаваньне зрабілі. Аналізы ўзялі”.

Са словаў Алены Захожай, сёньня ёй ставяць кропельніцы, прапісалі лекі для сэрца й прэпараты, што зьніжаюць артэрыяльны ціск. Жанчына кажа, што п’е сок. На рэабілітацыі галадоўніцы настойваюць і яе сябры.

Гаворыць старшыня першаснай арганізацыі БНП “Белшыны” Рыгор Спасюк:

(Спасюк: ) “Я размаўляў і даводзіў пра выхад з галадоўкі. Нагадваў пра зварот Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Казаў, што такая ахвяра не патрэбная. Нагадваў пра іншыя пэўныя магчымасьці гутарыць з кіраўніцтвам”.

Погляд на сытуацыю сябра БНП Міхала Ўсьціновіча:

(Усьціновіч: ) “Нешта ўсё падобнае больш да гульні, чым да вырашэньня пытаньняў. Сёньня я даведаўся, што генэральны дырэктар “Белшыны” ўжо ў адпачынку. Відаць, што калі адміністрацыі “да лямпачкі”, то неабходна іншыя мэтады шукаць. Навошта нішчыць сваё здароўе?! Прапановы такія: зрабіць заяву, што акцыя перапыняецца, і расставіць усе кропкі над і”.

* * * Алена Захожая пачала галадоўку пратэсту 3 кастрычніка. Раней адміністрацыя таварыства “Белшына”, канцэрн “Белнафтахім” і гарадзкі суд Бабруйску адмовіліся разглядаць заяву першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу “Белшыны”. Сябры БНП патрабавалі выплаціць ім прэміяльныя да Дня хіміка й даплаты на аздараўленьне, якія атрымалі іншыя працаўнікі “Белшыны”. Адміністрацыя гэтага прадпрыемства абвінавачвалася таксама ў дыскрымінацыі БНП, бо пазбавіла арганізацыю юрыдычнага адрасу.

Цягам акцыі пратэсту Алены Захожай і яшчэ дзевяці чалавек кіраўніцтва “Белшыны” саступіла матэрыяльным патрабаваньням галадоўнікаў. Ці зарэгіструюць суполку БНП, пакуль што ня вырашана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG