Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускай мяжы будуць падлічваць турыстаў-расейцаў


Радыё Свабода Сёньня на тэрыторыі так званай саюзнай дзяржавы ўводзіцца міграцыйная карта адзінага ўзору, якую неабходна запаўняць пры ўезьдзе ў Беларусь і Расею зь іншых краінаў. Разам з тым, ад наступнага тыдня беларускі бок плянуе пачаць маніторынг грамадзянаў Расеі, якія едуць у Беларусь. Некаторыя спэцыялісты лічаць гэта пачаткам памежнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы — падчас запаўненьня дакумэнтаў неабходна будзе ўказаць маршрут і мэту паездкі.

Ад 1 лістапада мець міграцыйную карту павінны амаль усе замежнікі, якія хочуць трапіць у Беларусь ці Расею з трэціх краінаў. Вызвалілі ад працэдуры толькі некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў, а таксама дыпляматаў і транспартнікаў, якія часта езьдзяць у міжнародныя рэйсы.

Міграцыйная карта адзінага ўзору ўводзіцца ў адпаведнасьці з ранейшымі міждзяржаўнымі пагадненьнямі – каб кантраляваць рух замежных грамадзянаў. Аднак пад кантроль у Беларусі трапяць і расейцы. Намесьнік дырэктара дэпартамэнту Міністэрства спорту і турызму Ігар Лях заявіў, што ад наступнага тыдня грамадзянам Расеі, якія скіроўваюцца ў Беларусь, прапануюць запоўніць анкету, падрыхтаваную галіновым ведамствам. У прыватнасьці, у анкеце будуць пытаньні наконт маршруту й мэты паездкі. Спадар Лях пераконвае: анкетаваньне на пачатковым этапе будзе двухтыднёвае, ананімнае й ніякага “таемнага сэнсу” шукаць ня трэба.

(Лях: ) “Паколькі ў нас адсутнічае мяжа паміж Расеяй і Беларусьсю, маніторынг заплянаваны чыста пазнавальнага кшталту. Мы хочам даведацца, якая ўсё ж колькасьць турыстаў з расейскага боку да нас едзе (менавіта зь ліку расейцаў). Таму гэтая акцыя менавіта такога кшталту. Але нашыя людзі, савецкія, прызвычаіліся: калі штосьці дзесьці праводзіцца, то з пэўнай падкавыкай. Але ніякай тут падкавыкі няма”.

Адмыслоўцаў зьдзіўляе час, калі Міністэрства спорту і турызму пачынае маніторынг — канец турыстычнага сэзону, калі актыўнасьць экскурсантаў амаль нулявая. Спадар Лях таксама згодны, што час для экспэрымэнтаў абраны ня самы ўдалы. Аднак кажа, што надалей гэта будзе ладзіцца рэгулярна.

(Лях: ) “Усе мы цудоўна разумеем гэта: сэзон ня самы лепшы. Гэта па-першае. Па-другое, каб быць больш дакладнымі, неабходна будзе як мінімум раз на квартал такія мерапрыемствы праводзіць, і тады ўжо можна будзе казаць пра нейкія канкрэтныя лічбы. Таму гэта толькі пачатак”.

Між тым, блізкія да міністэрскіх колаў крыніцы кажуць, што блянк анкеты для расейскіх турыстаў нагадвае міграцыйную карту, дзе трэба досыць падрабязна ўказваць і мэты візыту ў краіну, і адрасы пражываньня. А гэта, паводле спэцыялістаў, — першы крок да паўнавартаснага кантролю за ўсходнімі суседзямі.
XS
SM
MD
LG