Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнку адхіляць ад улады зусім не апазыцыянэры, якіх ён кідае ў турму”


Валянцін Жданко, Менск Палітычныя судовыя працэсы над актывістамі апазыцыі — адна з галоўных тэмаў нашай пошты апошніх дзён. Некаторыя слухачы лічаць гэтыя суды трывожным сыгналам для ўсяго грамадзтва і мяркуюць, што ёсьць усе падставы для параўнаньня сёньняшняй сытуацыі з пэрыядам камуністычных рэпрэсіяў.

Пра гэта, у прыватнасьці, піша ў сваім электронным лісьце наш даўні слухач Валеры Грыцук зь Менску:

“Нiхто не зразумеў, не заўважыў, што дыктатарская ўлада ўжо вярнула Беларусь у 30-я сталiнскiя гады, час НКВД, калi за ўлётку, за паперку, знойдзеную ў прыватным доме, людзей кiдалi за краты. Кацярыну Садоўскую кiнулi ў турму менавiта так — за неадасланы лiст, якi знайшлi у хаце, за “нераспространенную” iнфармацыю.

Шкада, прыкра й балюча. Беларусь ужо паглынула цемра таталiтарызму, i вiна ляжыць на ўсiх беларусах, на ўсiх грамадзянах. Ну, нельга спадзявацца, што “халява” беларусам будзе ўвесь час. Ня будзе! Звон ужо звiнiць i па вас, грамадзяне! Вось і на Дзяды было парадаксальна мала людзей. А то ж: партыi й Дзяды між сабой падзялiлi…”

У сваім лісьце Валеры Грыцук зь Менску разважае таксама пра некаторыя праблемы дэмакратычнай апазыцыі:

“Я вельмi зьдзiўлены словамi Анатоля Лябедзькі аб тым, што палiтыкi “заахвочваюць моладзь да эмiграцыi”. Ды ў Беларусi больш як 80 тысяч студэнтаў толькi першага курсу, i калi 300—500 студэнтаў эмiгруюць, тo гэта дробязь. Больш за тое, апазыцыйныя палiтыкi павiнны заахвочваць, пераконваць, маладых людзей (новых) да змаганьня за дэмакратычную Беларусь, а ня выяжджаць увесь час на старых.

Зьдзiўляюся плянаванаму “подзьвігу” апазыцыi — вылучыць 800—1000 кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпiсаў. І гэта — усяго? Пры тым, што абіраецца 5570 дэпутатаў гарадзкiх саветаў? Сёлетняя выбарчая кампанiя паказала, што адна асоба можа сабраць нават больш за 1000 подпiсаў! Дык што гэта за пляны? I вельмi сумна слухаць словы фармальных лiдэраў пра тое, што трэба “ПАЧАЦЬ iсьцi ў народ”, праводзіць “iнфармацыйныя кампанii для народу” i г.д. Усё гэта ад iх, нязьменных, гучыць ад 1996 году.

Добра ведаю людзей, выбарцаў, i бачу, што Мiлiнкевiч спазьнiўся з рухам «За свабоду». Ён мог з камандай зрабiць гэта ў сакавiку, красавiку... А так будзе як заўсёды — тое, што было ў Фралова, Лявонава, Казулiна зь iхнымi рухамi. Я перакананы, што гэтая кампанiя яскрава пакажа, што адступаць больш няма куды: за намi — сьцены з кратамi, сьцены вязьнiцы”.

Напэўна, спадар Грыцук, можна знайсьці й назваць шмат падставаў для крытыкі апазыцыі — у тым ліку і датычна выбарчай кампаніі, якая цяпер адбываецца. Але ў апазыцыйных актывістаў, якіх вы крытыкуеце за пасіўнасьць, свае контраргумэнты на такія папрокі: спадзяваньняў на тое, што выбары будуць справядлівымі — няма; магчымасьцяў весьці агітацыйную кампанію — амаль ніякіх; у грамадзтве цікавасьць да гэтай кампаніі — невысокая…

Што да заклапочанасьці лідэра АГП Анатоля Лябедзькі адносна эміграцыі студэнцкай моладзі. 500 маладых, разумных і палітычна актыўных людзей для Беларусі — гэта зусім ня дробязь, спадар Грыцук. Дапамога тым студэнтам, якія сапраўды пацярпелі за сваю палітычную актыўнасьць — справа, вядома, высакародная. Але ёсьць тут і пэўная небясьпека. Да праграмы дапамогі рэпрэсаваным пільна прыглядаюцца ня толькі тыя, хто на такую дапамогу мае маральнае права.

Напрыклад, у нашай пошце нямала запытаў на гэтую тэму ад людзей, якія мараць пра эміграцыю і пытаюць, як дзеля такіх мэтаў выкарыстаць праграму Каліноўскага. Дзеля гэтага гатовы нават стаць у пікет зь бел-чырвона-белым сьцягам і заплаціць штраф. Зусім цынічны і амаральны падыход, якога многія людзі, як ні дзіўна, нават не саромеюцца.

На тэму Дня памінаньня памерлых, які адзначаецца ў Беларусі 2 лістапада, напісаў свой ліст Бярнард Пакульніцкі з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну. “На могільніках у нашай мясцовасьці паўсюль назіраецца рух. Родныя і блізкія аднаўляюць магілы, прыбіраюць, прыносяць кветкі, запальваюць сьвечкі. Пакідаюць ля магілаў малітву за душы тых, чыё цела тут спачывае. Нельга забывацца на тых, хто быў нам найбліжэйшым і каму мы ўдзячныя. Яны былі з намі і назаўсёды засталіся ў нашай памяці. Памяць аб памерлых жыве з кожным з нас, складае часьцінку душы. Праз памяць мы, як галіны дрэва, належым цэламу роду, карані якога — у глыбіні стагодзьдзяў. Падчас гэтага сьвята прачынаецца памяць. Тая памяць, якая робіць нас людзьмі.

Але ўлады адабралі ў нас гэтае сьвята і робяць усё, каб прымусіць забыць і выкінуць з галавы. Узамен нам далі іншае дзяржаўнае сьвята — 7 лістапада, якое прынесла гэтулькі гора й пакутаў чалавецтву. Вось у гэтых дзеяньнях улады і ёсьць адказ на пытаньне: “Ці ўсе канфэсіі маюць роўныя магчымасьці ў Беларусі?”

Так, спадар Пакульніцкі, восеньскія Дзяды значыліся ў календары дзяржаўных сьвятаў Беларусі на пачатку 1990-х гадоў, але з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі былі выкрасьленыя адтуль дзеля ўшанаваньня гадавіны бальшавіцкай рэвалюцыі. Адметна, аднак, што дзень 7 лістапада перасталі лічыць сьвятам нават там, дзе камуністычны пераварот адбыўся — у Расеі. Думаю, мы з вамі яшчэ станем сьведкамі таго, калі гэты дзень перастане лічыцца сьвяточным і ў Беларусі.

А ўшаноўваць продкаў беларусы будуць працягваць незалежна ад таго, лічыць гэта ўлада мэтазгодным ці не. Так было, і так будзе.

Аўтар наступнага ліста — Сяргей Кавальчук зь Берасьця:

“Лукашэнка — разумны палітык, але ён праяўляе залішнюю слабасьць. Яму трэба было ўлічыць усе памылкі камуністаў і не паўтараць іх. Гарбачоў не ўтрымаўся пры ўладзе таму, што купіўся на розныя буржуазныя “штучкі”: дапусьціў галоснасьць, мітынгоўшчыну, а самае галоўнае — даў волю розным каапэратарам-спэкулянтам. Як толькі зьявіліся багацеі — увесь дзяржаўны лад пачаў распаўзацца па швах.

Людзі выбралі Лукашэнку таму, што хацелі вяртаньня савецкага ладу. Яны хацелі парадку, бясплатнай мэдыцыны і бясплатнай адукацыі, танных харчоў… Лукашэнка абяцаў гэта вярнуць, і свае абяцаньні стараўся выконваць. Але апошнім часам асабіста я сумняюся, што ён па-сапраўднаму хоча вярнуць усё гэта.

Палову сваёй пэнсіі я вымушаны аддаваць унучцы-студэнтцы, якая вучыцца на платным аддзяленьні ва ўнівэрсытэце. Чаму я павінен плаціць? У СССР плацілі не студэнты — дзяржава сама плаціла студэнтам стыпэндыі, каб ім лягчэй было вучыцца.

Далей. У сваёй паліклініцы я ня змог прайсьці належнае абсьледаваньне — кажуць, зламалася апаратура, чакайце. Доктар параіў — схадзіце ў платны цэнтар. Схадзіў. Заплаціў 100 тысяч рублёў (гэта палова пэнсіі). Чаму я вымушаны плаціць за тое, што заўсёды было бясплатным? А галоўнае, я бачу, што вакол ёсьць людзі, якія за ўсё гэта могуць плаціць (такіх меншасьць), і ёсьць абсалютная большасьць тых, хто плаціць ня здольны. Хто купляе кватэры ў новых дамах? Хто езьдзіць на дарагіх машынах? Хто будуе палацы за кальцавой дарогай? Гэта новыя капіталісты-ўласьнікі, якія зьявіліся і ўзгадаваліся ўжо пры Лукашэнку”.

Далей, грунтуючыся на гэтых ды іншых сваіх назіраньнях, Сяргей Кавальчук прыходзіць да наступнай высновы:

“Лукашэнку адхіляць ад улады зусім не апазыцыянэры, якіх ён кідае ў турму. Яму трэба баяцца якраз хітрых багацеяў, новых капіталістаў, якія нажываюцца на нашым народзе і на бесхрыбетнасьці дзяржавы. Калі б Лукашэнка праявіў больш цьвёрдасьці, у нас не было б ні платнай адукацыі, ні платнай мэдыцыны, ні мільянэраў, якія зарабілі свае мільёны на народным горы. Лукашэнку выбралі не багацеі-алігархі, яго выбраў просты народ, які жыве ад зарплаты да зарплаты і ад пэнсіі да пэнсіі. І калі Лукашэнка як належыць не прыцісьне багаценькіх і ня верне нам заваёвы сацыялізму, гэтага яму не даруюць ні бедныя, ні багатыя. І пара б ужо яму зрабіць выбар”.

Думаю, спадар Кавальчук, прэзыдэнт Лукашэнка цьвяроза ацэньвае небясьпеку, якую могуць уяўляць для трываласьці й даўгавечнасьці яго ўлады новыя ўласьнікі. Невыпадкова ж спробы некаторых бізнэсоўцаў уплываць на палітыку былі жорстка спыненыя яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Асобным кандыдатам на неафіцыйнае званьне алігархаў давялося ўцякаць за мяжу, іншых пасадзілі ў турму… Астатнія засьведчылі сваю поўную гатовасьць ва ўсім падтрымліваць уладу і ня лезьці ў палітыку.

Ці магчыма ў Беларусі ажыцьцявіць вашы, спадар Кавальчук, камуністычныя мары: адабраць маёмасьць і грошы ў багатых, раздаць усё бедным, вярнуць так званыя “заваёвы сацыялізму”? Тэарэтычна — напэўна, магчыма. Але ў рэальнасьці камуністычныя экспэрымэнты заканчваюцца паўсюль аднолькава: пасьля “экспрапрыяцыі экспрапрыятараў” настае чамусьці ня рай на зямлі з поўным дастаткам і сацыяльнай ідыліяй, а нешта зусім іншае: напрыклад, зьяўляюцца чэргі па каўбасу, уводзяцца талёны на цукар, а марай жыцьця становіцца выезд за мяжу з дазволу райкаму партыі…

Думаю, сёньняшняя беларуская ўлада, якая ўвогуле прыхільна ставіцца да камуністычных лёзунгаў, такіх пэрспэктываў усё ж апасаецца. Паколькі для яе яны ўяўляюць яшчэ большую небясьпеку, чым кляса новых уласьнікаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG