Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі і Расеі будзе адзіная міграцыйная карта


Ігар Карней, Менск Ад сёньняшняга дня на тэрыторыі так званай Саюзнай дзяржавы ўводзіцца міграцыйная карта адзінага ўзору. Запаўняць такую карту ў абавязковым парадку трэба пры ўезьдзе ў Беларусь і Расею зь іншых краін.

Наяўнасьць міграцыйнай карты будзе абавязковай для абсалютнай бальшыні замежнікаў. Вызваленыя ад працэдуры запаўненьня карты толькі вышэйшыя кіраўнікі замежных дзяржаваў, сябры парлямэнцкіх і ўрадавых дэлегацый, кіраўнікі міжнародных арганізацый, якія едуць у Беларусь ці Расею на запрашэньне органаў дзяржаўнай улады. Ня будзе абавязковай міграцыйная карта для супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў і кансулятаў замежных дзяржаваў у Беларусі і Расеі, а таксама для іх сем’яў. Выключэньнем – гэтаксама экіпажы вайсковых і грамадзянскіх самалётаў, якія прызямляюцца на беларускіх і расейскіх лётнішчах, машыністы і праваднікі цягнікоў, якія ўдзельнічаюць у міжнародным руху.

Разам з тым, ад канца лістападу беларускі бок плянуе пачаць маніторынг сярод грамадзянаў Расеі, якія будуць ўязджаць у Беларусь. Спэцыялісты кажуць, што, па-сутнасьці, Беларусь можа ўвесьці рэжым памежнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы – падчас запаўненьня дакумэнтаў неабходна будзе ўказваць усе пашпартныя зьвесткі, а таксама мэты паездкі.
XS
SM
MD
LG