Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрылася выстава габрэйскага тэатру ў Беларусі (фота)


Любоў Лунёва, Менск 130 гадоў таму 5-6 кастрычніка 1876 году габрэйскія акторы пад кіраўніцтвам вядомага ў той час пісьменьніка і драматурга Абрама Гольдфадэна паказалі ў горадзе Ясы ў Румыніі спэктакль на ідыш. А праз 50 гадоў 26 кастрычніка 1926 году у Менску адбылася прэм’ера ў Дзяржаўным габрэйскім тэатры БССР. Cёньня ў музэі гісторыі і культуры габрэяў Беларусі адчынілася выстава, прысьвечаная гісторыі габрэйскага тэатру ў Беларусі.

У Менскім габрэйскім доме сёньня актавая заля нагадвае тэатар – на сьценах 53 партрэта актораў з кароткімі біяграфічнымі зьвесткамі. Але асноўная экспазыцыя выставы разьмешчана ў музэйнай залі. Упершыню разам прадстаўленыя матэрыялы пра габрэйскія тэатры ў гарадах і мястэчках Беларусі, ад канца ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзяў; пра тое, як разьвіваўся габрэйскі тэатар ў БССР у тыя часы, калі ідыш, як і беларуская, расейская ды польская, была дзяржаўнай мовай.

Частка выставы пад назвай “Акторы, ролі, спэктаклі…” прысьвечана Дзяржаўнаму габрэйскаму тэатру, які актыўна працаваў ад 1926 да 1949 гадоў. Калі пачалася вайна, большасьць актораў былі на гастролях у Віцебску і пасьпелі эвакуявацца ў Новасыбірск. Тыя, якія былі ў Менску, амаль усе загінулі ў гета. Шмат актораў ваявалі. У цэнтры залі -- афішная тумба, на сьценах каля чатырох сотняў фатаграфій.

Арганізатары выставы рэканструявалі рэпэртуар тэатру і сьпіс прозьвішчаў акторскай трупы. Яны сабралі матэрыялы пра мастакоў, кампазытараў і пастаноўшчыкаў, якія супрацоўнічалі з тэатрам.

Над стварэньнем кампазыцыі калектыў музэю працаваў два гады. Гаворыць дырэктарка музэю Іна Герасімава:

(Герасімава:) “Мы зьбіралі паўсюды: у архівах, у дзяцей, у сваякоў… І з Ізраілю, з Амэрыкі, з Нямеччыны… Гэта сьвята ня толькі для нас, але й для людзей з Беларусі, якія тут жылі і гэтыя тэатры ведалі, якія ведалі гэтых людзей і памятаюць”.



Іна Герасімава марыць выдаць альбом пра гісторыю габрэйскіх тэатраў у Менску, Баранавічах, Беластоку, Горадні, Слоніме, Пінску з фотаздымкамі і з добрымі ілюстрацыямі.

(Герасімава:) “Фотаздымкі, матэрыялы самыя рэдкія. Гэты альбом патрэбны і дасьледчыкам, і людзям. Пасьля таго, як тэатар расфармавалі, гэтыя акторы разышліся па розных тэатрах і ў самадзейнасьць. Вядомыя акторы – Арончык, Герштэйн, Сокал – а гэта ж былі заслужаныя дзеячы мастацтва, дык яны пайшлі ў тэатар глухіх. І там рабілі вельмі цікавыя пастаноўкі!”.

Звычайна ў габрэйскі дом трапіць пабочным асобам ня проста зь меркаваньняў бясьпекі. Выставу ў габрэйскім доме можа наведаць кожны жадаючы. Адміністрацыя паведаміла, што для гэтага дастаткова папярэдне дамовіцца.

XS
SM
MD
LG