Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У банках сярэднестатыстычны беларус трымае сярэднемесячны заробак


Іна Студзінкая, Менск У сярэднім кожны жыхар краіны трымае ў беларускіх банках 766 тысяч рублёў -- у паўтара разы больш, чым было на пачатак году. Пра гэта паведаміла Упраўленьне інфармацыі Нацыянальнага банку. Такім чынам, "на чорны дзень" беларус назапасіў 358 даляраў.

У Беларусі працягваецца працэс дэдалярызацыі эканомікі. Пра гэта было абвешчана на пашыраным паседжаньні праўленьня Нацыянальнага банку. Аб''ём прыцягнутых грашовых сродкаў насельніцтва ў банкаўскіх укладах, аблігацыях, сэртыфікатах склаў 7 з паловай трыльёнаў рублёў - па 358 даляраў на душу насельніцтва. Меркаваньне эканаміста Міхала Залескага.

(Залескі: ) "Частка людзей мае авуары і дэпазіты. Не ўсе маюць. Але калі іх падзяліць на ўсіх, то атрымліваецца, што за ўсё жыцьцё кожны працаздольны беларускі грамадзянін альбо пэнсіянэр, вылузгваючыся са скуры, зарабіў зарплату за паўтары месяцы сярэднестатыстычную. То, калі не дай Бог, нешта здарыцца, то паўтара месяцы ён працягне, а далей яму ўжо нічога не дапаможа".

Экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч таксама лічыць, што ганарыцца асабліва няма чым.

(Багданкевіч: ) "Канечне, гэта вельмі маленькая сума. Асабліва з улікам цяперашніх цэнаў. Зараз ужо і зарплата складае дзесьці пад 300 даляраў (якія абясцэніліся). Мець толькі месячны запас - гэта вельмі мала. Так што хваліцца тут няма чым".

Нават калі параўноўваць не з сярэднемесячным заробкам, а бюджэтам пражытковага мінімуму альбо з мінімальнымі нарматывамі Арганізацыі Аб''яднаных Нацыяў, лічбы таксама не ўражваюць, кажа эканаміст Міхал Залескі.

(Залескі: ) "Калі мы бярэм паводле ААНаўскіх нарматываў 2,8 даляры на дзень для Беларусі, для гэткіх краінаў, як наша - атрымліваецца, што чалавек мае запас на 100 дзён, настолькі ён "нагандабіў" за жыцьцё. Сярэдняя ў нас такая лічба - 100 дзён, і досыць. Але ёсьць значная частка людзей, якая нічога ня мае наагул. Жыве, як кажуць амэрыканцы, з кішэні - ды ў рот. Што зарабіў, тое праеў сёньня".

Безумоўна, ня ўсе свае ашчаджэньні нясуць у банк. Штосьці захоўваецца на "чорны дзень" так бы мовіць, "у панчохах", "у слоіках", у каштоўных мэталях. Таму пра дэдалярызацыю пакуль казаць заўчасна, сьцьвярджае эканаміст Міхал Залескі.

(Залескі: ) "Калі мы да гэтых 358 даляраў далучым тое, што сабранае ў панчохах, далучым тое, што сабранае ў каштоўных мэталях і гэтак далей, мы ўбачым, што рублёвая маса ня так яшчэ пануе ў сыстэме назапашваньня грамадзянаў, як гэтага б хацелася ўраду. А гэта сьведчаньне даверу да сыстэмы, калі народ пераходзіць на ўласную валюту - рубель, талер, фунт ці што... Вось тут у беларусаў такой прыхільнасьці пакуль няма".
XS
SM
MD
LG