Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хабарніцтва пашыраецца ў ніжэйшых слаях улады


Алесь Дашчынскі, Менск Генпракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч зноў патрабуе ад праваахоўных органаў узмацніць барацьбу з хабарніцтвам чыноўнікаў. Пра гэта ён заявіў падчас калегіі рэспубліканскай пракуратуры.

Пётар Міклашэвіч заявіў журналістам, што рэспубліканская пракуратура правяла адмысловую праверку. Яна паказала: актыўнасьць праваахоўных органаў недастатковая ў выяўленьні фактаў хабарніцтва. Найперш генпракурор заклапочаны хабарніцтвам у асабліва буйных памерах, сярод высокапастаўленых чыноўнікаў. Пётар Міклашэвіч патрабуе надаць увагу барацьбе з карупцыяй у стратэгічных сфэрах эканомікі. Прадстаўнік прэсавай службы пракуратуры Ягор Лівай:

(Лівай: ) “Неабходна ўзмацняць накірунак па выяўленьні фактаў хабарніцтва, бо за гэты год адзначаецца паніжэньне колькасьці выяўленых злачынстваў па хабарніцтву. З аднаго боку, гэта прафіляктычная праца, але можна гаварыць, што недзе ў пэўных накірунках і аслабла праца па выяўленьні”.

Аднак факты, якія сталі адкрытымі для грамадзкасьці, сьведчаць пра хабарніцтва і ў ніжэйшых эшалёнах улады. Да прыкладу, начальнік харчовага ўпраўленьня міністэрства абароны падазраецца ў атрыманьні хабару ў 40 тысяч даляраў. Гучны рэзананс набыла справа адносна супрацоўнікаў мытняў “Заходні Буг”, Гарадзенскай ды іншых. Па ёй праходзіць больш за 60 чалавек.

Таксама ў пракуратуры згадваюць справу адносна дырэктара аднаго з упраўленьняў Ленінскай адміністрацыі Менску, які падазраецца ў атрыманьні хабару ў 500 тысяч даляраў. Гэтымі днямі распачаты судовы працэс над дырэктарам гімназіі №16 Алегам Бадалавым, дзе вучыцца ўнучка Аляксандра Лукашэнкі. Алега Бадалава вінавацяць у атрыманьні хабару 4 тысячы эўра за паступленьне ў гімназію.

Аналітычны цэнтар “Стратэгія” займаецца сярод іншага праблемай хабарніцтва. Кіраўнік цэнтру Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Дзесьці прыкладна палова прадпрымальнікаў сутыкаецца з хабарніцтвам, прычым такім вымушаным. У асноўным прадпрымальнікі выдзяляюць дзьве групы асобаў, якія сапраўды жывуць за кошт гэтых мэтадаў. Гэта дырэктары буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, з якімі бізнэс уступае ў дзелавыя адносіны. І другая катэгорыя – чыноўнікі вэртыкалі ўлады. Што да ўладальнікаў кіёскаў, “чаўнакоў” і гэтак далей, то ў іх іншая спэцыфіка, зьвязаная з дробнай карупцыяй, якая з’яўляецца нейкім стыхійным падаткам на прадпрымальніка з боку міліцыянтаў, кантралёраў, мытнікаў”.
XS
SM
MD
LG