Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Брутальны тэрарызм і спроба зьнішчыць Саюз палякаў..."


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Вядучыя польскія мэдыі пішуць сёньня пра сытуацыю, у якой апынулася непрызнаваная беларускімі ўладамі старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс у сувязі са знойдзенымі ў аўтамабілі, якім яна ехала, наркотыўкаў, а таксама пра стан здароўя галадаючага ў вязьніцы Аляксандра Казуліна.

Польскія мэдыі пішуць, што ў справе наркотыкаў, знойдзеных у аўтамабілі, якім ехалі сябры непрызнаванага беларускімі ўладамі кіраўніцтва СПБ, ёсьць шмат незразумелых момантаў, перадусім гэта блытаныя камэнтары афіцыйных прадстаўнікоў мытні – адны кажуць, што знойдзены амфэтамін, другія, што гэта быў гераін. Між тым некаторыя мэдыі паведамілі, што ў люстэрку аўтамабіля быў знойдзены гашыш.

“Яны два дні кансультаваліся і не змаглі ўзгадніць агульную пазыцыю, што да інфармаваньня журналістаў”, - заявіла старшыня СПБ Анжаліка Борыс “Gazecie Wyborczej”, назваўшы ўсё што адбываецца “брутальным тэрарызмам і спробай зьнішчыць Саюз палякаў”.

“Гісторыя з падкідваньнем наркотыкаў у аўтамабіль, у якім ехала Анжаліка Борыс, гэта чарговая правакацыя супраць яе самой і беларускіх палякаў. Спадарыню Борыс ужо шмат разоў спрабавалі абвінаваціць паводле крымінальнага кодэксу між іншым за нібыта растрату грошай арганізацыі, зьбіцьцё і пагрозы. Ад часу калі насуперак волі Аляксандра Лукашэнкі беларускія палякі абралі яе старшынёй СПБ, яе 79 разоў дапытвала міліцыя, пракуратура і КГБ”, - гаворыцца ў рэдакцыйным камэнтары “Gazety Wyborczej”.

Між тым “Rzeczpospolita” і Польскае прэсавае агенцтва паведамляюць пра шпіталізацыю Аляксандра Казуліна, які ў вязьніцы галадае супраць незаконнага на ягоную думку знаходжаньня пры ўладзе цяперашняга кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG