Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьце колькасьць ахвяраў алькагольных сурагатаў


Міхал Стэльмак, Менск Масавае атручваньне алькаголем адбылося на Барысаўшчыне. Гэты раён папоўніў сьпіс рэгіёнаў Беларусі, жыхары якіх пацярпелі ад ужываньня сьпіртовых сурагатаў.

Усе ахвяры паступілі ў гарадзкую лякарню №1, што пацьвердзіў лекар прыёмнага пакою:

(Лекар: ) “Адзін – у рэанімацыі, а астатнія – у гастраэнтэралёгіі”.

Алена Прыдыбайла, загадчыца аддзяленьня, дзе знаходзяцца пацярпелыя, адмовілася паведаміць нейкія падрабязнасьці. Гэта яна патлумачыла так званымі “ўказаньнямі зьверху”:

(Прыдыбайла: ) “Пытаньне на кантролі дзяржавы”.

Паводле неафіцыйных зьвестак, на Барысаўшчыне па мэдычную дапамогу пакуль што зьвярнулася з паўдзясятка асобаў, якія атруціліся “левым” напоем. Некалькі тыдняў таму падобны, але куды больш маштабны выпадак адбыўся ў суседнім Смалявіцкім раёне. Тут пацярпелых – больш як тры дзясяткі. На Гарадзеншчыне выпадак масавага атручваньня сурагатам быў у верасьні зафіксаваны ў Ашмянскім раёне. Дыягназ – таксычны гепатыт. Расказвае галоўны ўрач мясцовай лякарні Аляксандар Белянкоў:

(Белянкоў: ) “Пакуль што ніводнага ня выпісалі. З 18-га верасьня. Ня ўсе зь іх, вядома, стаяць на ўліку ў нарколяга як алькаголікі. Але гэта людзі, якія любяць выпіць. Прыкладна чацьвёртая частка – кабеты. Гепатапратэктары даём ім. Лекі, якія крыху абараняюць пячонку”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будуць наступствы?”

(Белянкоў: ) “Мусіць, што так. Мусіць, што будуць. Мы баімся, што значная частка гэтых людзей захварэе на цыроз”.

Усяго ў Беларусі цягам апошніх тыдняў пацярпела ад сурагату каля 130 чалавек. Ужо ёсьць і адзін сьмяротны выпадак. Гаворыць галоўны нарколяг краіны Уладзімер Максімчук:

(Максімчук: ) “Вядома, такога летась і раней не было. Таму дадзеныя за кастрычнік будуць значна розьніцца з леташнімі. Цяпер паднялі міліцыю на ногі. Шукаюць. Ідзе з Расеі. Там можа толькі разоў у 10-20 больш”.

Насамрэч, у Расеі, паводле маскоўскіх сродкаў масавай інфармацыі, лік ахвяраў ідзе на тысячы. Напрыклад, толькі ў суседняй зь Віцебшчынай Пскоўскай вобласьці ў выніку ўжываньня фальшывай алькагольнай прадукцыі атруцілася трыста чалавек, зь якіх каля двух дзясяткаў ужо памерлі. Расьсьледаваньне выявіла, што там сурагаты вырабляюць зь лекавых прэпаратаў, якія утрымліваюць антысэптык, які разбурае пячонку.

У Беларусі справай сурагатаў заняліся праваахоўныя органы. У прыватнасьці, на Меншчыне міліцыянты расьсьледуюць, як патрапілі небясьпечныя напоі да жыхароў Барысаўскага й Смалявіцкага раёнаў. У Ашмянскім крымінальнаю справу па факце масавага атручваньня распачала пракуратура. Як паведаміў учора генэральны пракурор Пётр Міклашэвіч, тут выяўлены дзьве асобы, якія падазраюцца ў злачынстве – гандлі сурагатамі.
XS
SM
MD
LG