Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская вясна ў фільме Сяргея Патаранскага


Іна Студзінская, Менск Выйшаў новы дакумэнтальны фільм, прысьвечаны падзеям вакол сёлетніх выбараў у Беларусі. Стужка “У сьнягах драмае вясна” апавядае пра падзеі пачатку вясны, пэрыяд да прэзыдэнцкіх выбараў. Стваральнікі фільму рэжысэр Сяргей Патаранскі і апэратар Сяргей Чырык кажуць, што іх стужка – частка вялікай карціны, якая прысьвячаецца ўдзельнікам падзеяў вясны 2006 году.

Значная частка фільму – дакумэнтальныя кадры выступаў трох кандыдатаў на прэзыдэнта: Аляксандра Казуліна, Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Лукашэнкі. Чацьверты кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч ў фільме не прадстаўлены. Аўтары фільму выбралі найбольш эмацыйныя фрагмэнты выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты.

Але найбольш уражваюць здымкі ў беларускай глыбінцы. Вось што гаворыць адзін зь герояў фільму - вясковец, які падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку:

(Вясковец: ) “Скардзіцца няма чаго. Рыгоравіч - маладзец... Пэнсію ў час дае. Своечасова мы атрымліваем. У кожнага свая гаспадарка. Хто хоча хораша жыць – той кабанчыка трымае, курачку, кароўку. І малачко ёсьць, і чарка, і шкварка, як кажуць”.

Удала выкарыстаны прынцып паралельнага мантажу: абяцаньні Лукашэнкі адрадзіць вёску і словы Казуліна, што вёска вымірае. Студэнтка родам зь вёскі апавядае, чым жыве сельская моладзь. Адчуваецца яе настальгія на малой радзіме, але з жалем яна кажа, што той, хто паступіў вучыцца, у вёску ня вернецца…

(Дзяўчына: ) “Моладзь бавіць час па-звычайнаму. Узімку, калі тут застаюцца толькі школьнікі, штодня яны вучацца, а па выходных ходзяць на дыскатэку ў мясцовы дом культуры. А ўлетку сюды зьяжджаецца шмат моладзі з гарадоў. Звычайна яны ходзяць сюды. Піць піва. Без усялякай ідэі. Гэтак вельмі... па-простаму”.

У адным з фрагмэнтаў фільму пра свабоду разважаюць навучэнцы зачыненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю. “Свабода – павінна быць унутры”. “Свабода – гэта калі трус палюе на льва”. А Беларусь павінна заняць “цэнтральнае месца ў Эўропе, таму што геаграфічна яна знаходзіцца менавіта ў цэнтры Эўропы”.

А ў цэнтры Беларусі – мястэчка Любча Наваградзкага раёну. І тое, што засталося ад сярэдневечнага замку. І зноў тая самая дзяўчына, якая ў выходныя прыяжджае сюды, на малую радзіму. Яна намагаецца адрадзіць гэты самы замак.

(Дзяўчына: ) “За чатыры гады тут з мясцовай моладзі была толькі я і часам яшчэ сваю сяброўку заахвочвала. Яна прыходзіла, але асаблівай актыўнасьці не назіраецца. Нават, калі сюды на пянькі прыходзяць піва папіць, просіш – дапамажыце! Калі згаджаюцца, то не болей чым на дзьве хвіліны... Усё зьбягаюць. Я ўжо 4 гады прымаю ўдзел у працах на замку і спадзяюся, што пэўную карысьць я прынесла. Прынамсі, сабе – дакладна. Для мяне сёньня болей цікавай справы не існуе. Бо толькі тут можна сустрэць сапраўды прасунутую беларускую моладзь... Вельмі цікава бавіць час”.

Далей зноў – прынцып паралельнага мантажу. Кандыдаты сустракаюцца з выбарцамі. Лукашэнка на трэцім Усебеларускім народным сходзе. Тэлевыступы Казуліна і Мілінкевіча (у няроўнай прапорцыі, прыкладна чатыры да аднаго на карысьць Аляксандра Казуліна). Маці Казуліна, дакумэнтальныя кадры – спроба Казуліна трапіць на Усебеларускі сход… І прароцкія словы Казуліна:

(Казулін: ) “Я папросту дазволіў сабе трошачкі “дастаць” нашага прэзідэнта. І калі я яго дастаў… Як прафэсар, даўшы яму ўрокі… ён раскрыўся ў поўным аб’ёме. Тры з паловай гадзіны ў часе закрыцьця Усебеларускага сходу адказваў на пытаньні Казуліна! Я добра ўсьведамляю, што я сьмертнік. Я не баюся гэта казаць. Паводле інфармацыі, якую я маю, пасьля выбараў мяне маюць пасадзіць. І вельмі рэкамэндуюць куды-небудзь зьехаць. Але я нікуды не паеду. Я буду жыць у сваёй краіне са сваім народам”.
XS
SM
MD
LG