Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску будуць зьбіраць ахвяраваньні на помнік Плешчанку


Радыё Свабода, Віцебск Сябры і аднапартыйцы былога старшыні абласной арганізацыі КХП БНФ адведалі сёньня магілу Ўладзімера Плешчанкі на вясковых могілках каля вёскі Вароны Віцебскага раёну.



Пасьля хвіліны маўчаньня пад бел-чырвона-белым сьцягам віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда абвясьціў, што мае намер зладзіць збор сродкаў на годны помнік свайму сябру і паплечніку.

(Хамайда: ) “Сёньня мы пабылі на могілках ва Ўладзімера Плешчанкі, усклалі кветкі. А з 2-га лістапада (гэта якраз будуць Дзяды) я пачну зьбіраць ахвяраваньні на помнік спадару Ўладзімеру. Ужо зрабіў эскіз помніка Ян Таўпыга – ён мастак паводле адукацыі, а таксама сябар Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Я буду займацца зьбіраньнем сродкаў цягам усяго месяца – увесь лістапад”.

Барыс Хамайда мяркуе праводзіць збор ахвяраваньняў каля “сіняга дому” – там, ля дому №28 па вуліцы Леніна ў Віцебску, некалькі апошніх гадоў яны стаялі побач з Уладзімерам Плешчанкам, трымаючы ў руках або плякаты, альбо бел-чырвона-белыя сьцягі. Гэтае месца вядомае бадай што кожнаму жыхару Віцебску. І, на думку Хамайды, паміж землякоў знойдзецца шмат ахвотных далучыцца да справы ўшанаваньня памяці Ўладзімера Плешчанкі, які заўчасна пайшоў з жыцьця 20-га чэрвеня гэтага году.
XS
SM
MD
LG