Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэлаўін: гісторыя паганскага сьвята


Радыё Свабода Ёсьць некалькі вэрсіяў зьяўленьня Гэлаўіну.

Паводле адной зь іх, гісторыя сьвята пачалася амаль 2000 гадоў таму, калі кельцкія плямёны жылі на тэрыторыі сучаснай Ангельшчыны, Ірляндыі, Валіі, Шатляндыі і Паўночнай Францыі. Увечары 31 кастрычніка і ўвесь дзень 1 лістапада яны ўшаноўвалі бога памерлых. Яны верылі, што 31 кастрычніка бог зьбярэ душы ўсіх памерлых у мінулым годзе. Каб аплаціць іх грахі, бог пасяляе душы ў абалонку жывёлін, якія куды – залежыць ад грахоў.

Акрамя таго, кельты пакланяліся і богу сонца. Яны запальвалі вялікія вогнішчы. Рытуальнымі нажамі ў гарбуза, рэпы выразаліся вочы, нос, рот, і ад ахвярнага агню запальваліся ліхтары розных формаў і памераў. Цяпер гэты абрад называецца “сьвятам гарбузоў”.

Другая вэрсія. Згодна з ірляндзкім паданьнем аб паходжаньні гэлаўінскага гарбуза, аднойчы, напярэдадні Дня ўсіх сьвятых, на заўсёды п’янага каваля Джэка выйшаў д’ябал. Д’яблу хацелася душы Джэка, а Джэку – выпіць. Каб адбыўся абмен душы на традыцыйны ірляндзкі напой эль, д’ябал ператварыўся ў манэтку. Джэк сунуў яе ў кішэню, дзе ляжаў срэбны крыжык. Чорт, натуральна, заенчыў. Пасьля доўгіх спрэчак Джэк пагадзіўся адпусьціць чорта ў абмен на 10 гадоў шчасьця і элю. Праз 10 гадоў хітры каваль зноў падмануў нячысьціка. Калі настаў час Джэку паміраць, Бог адмовіўся забраць на нябёсы алькаголіка, які меў дачыненьне зь нячыстай сілай. Джэк атрымаў сьвечку і гарбуз і пайшоў бадзяцца па белым сьвеце. Ну, а паколькі падмануты чорт баіцца гэтага аматара элю, ірляндцы здагадаліся выстаўляць сьвечку і гарбуз перад сваімі дзьвярыма, каб намякнуць нячысьціку: Джэк можа цяпер знаходзіцца ў гасьцях у гэтага сямейства...

У нашыя дні неадымны сымбаль Гэлаўіну – гарбузовая галава. У гэтую ноч дзеці грукаюць у дамы з крыкамі: “Частуй або пашкадуеш!” Калі вы не прынесяце нешта ў ахвяру, “злыя дэманы” могуць жорстка пажартаваць з вас.
XS
SM
MD
LG