Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У сьвеце ня ведаюць яшчэ аднаго такога выпадку моцнага перасьледу польскай меншасьці"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Маршалак польскага Сэнату Багдан Барусэвіч назваў затрыманьне непрызнаванай афіцыйным Менскам старшыні СПБ Анжалікі Борыс “правакацыяй”. Раней затрыманьне спадарныі Борыс на літоўска-беларускай мяжы асудзіла таксама МЗС Польшчы

“Беларускія ўлады выкарыстоўваюць мэтад правакацыі, каб дэскрэдытаваць Саюз палякаў Беларусі і старшыню гэтай арганізацыі Анжаліку Борыс. Гэтыя мэтады парушаюць фундамэнтальныя прынцыпы дэмакратыі і свабоды слова. У сьвеце ня ведаюць яшчэ аднаго выпадку настолькі моцнага і адчувальнага перасьледу польскай меншасьці”, - гаворыцца ў заяве Багдана Барусэвіча.

Маршалак польскага Сэнтату чакае “спыненьня рэпрэсіяў супраць актывістаў СПБ”.

“Спадзяюся таксама, што скончыцца бясслаўная для Беларусі кампанія паклёпаў і беспадстаўных абвінавачаньняў на адрас Анжалікі Борыс”, - напісаў сьпікер вышэйшай палаты польскага парлямэнту.

МЗС Польшчы выказала “рашучы пратэст супраць захадаў беларускіх уладаў у справе старшыні СПБ”. Міністэрства лічыць, што Менск “парушае асноўныя правы нацыянальных меншасьцяў, а таксама эўрапейскія і міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека”.

“Гэты інцыдэнт, падобны да правакацыі, несумненна зьяўляецца працягам захадаў, мэта якіх – абмежаваць свабоду дзеяньняў прадстаўнікоў СПБ”, - гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы.
XS
SM
MD
LG