Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віка Мароз будзе жыць разам з братам у сям’і жодзінцаў Васілеўскіх


Радыё Свабода 10-гадовую сірату Віку Мароз перадалі ў жодзінскую сям’ю Сяргея й Алены Васілеўскіх. Яны некалькі гадоў выхоўваюць брата дзяўчынкі — 13-гадовага Сашу. Гэтую інфармацыю “Свабодзе” пацьвердзілі ў Менскай абласной управе адукацыі. Тэму працягвае Алена Струвэ

Паводле адказнай супрацоўніцы Менскай абласной управы адукацыі Алы Паляўчук, юрыдычна Васілеўскія сталі прыёмнымі бацькамі Вікі. Гэта зусім не ўдачарэньне дзяўчынкі, а толькі часовае ўладкаваньне сіраты. Пры гэтым дзяржава выплачвае прыёмным бацькам грошы за ўтрыманьне дзіцяці. За Віку Васілеўскія будуць атрымліваць прыкладна 137 тысяч рублёў штомесяц.

(Паляўчук: ) “Гэта вельмі добрая прыёмная сям’я. Вельмі інтэлігентныя, разумныя людзі. Умовы жыцьця цудоўныя, уласны катэдж. Двое сваіх цудоўных дзяцей. Я лічу, што Віцы вельмі пашанцала, і браціку яе таксама. Мы далі магчымаць узьяднацца дзецям. А там — што будзе, тое будзе. Пабачым”.

Спадарыня Паляўчук дадае, што, калі прымалі рашэньне пра лёс Вікі, беларускія чыноўнікі зыходзілі з інтарэсаў дзяўчынкі. Нягледзячы на тое, што на ўдачарэньне Вікі Мароз прэтэндавалі дзьве добрыя беларускія сям’і, у Міністэрстве адукацыі вырашылі, што галоўнае — магчымасьць брату і сястры быць разам.

Супрацоўніца Менскай абласной управы адукацыі не выключае, што ў наступным годзе Віка Мароз можа наведаць сям’ю Джуста—Барначын у Італіі — а італьянская сям’я зможа прыехаць да Вікі ў Беларусі. Як падае італьянская прэса, сямейная пара ня траціць надзеі наведаць дзяўчынку на Каляды.

(Паляўчук: ) “Хай прыяжджаюць, ім ніхто не забараняе. Хаця… Мяне ў самай малой ступені цікавяць інтарэсы сям’і Джуста—Барначын. Як паступіла гэтая сям’я, як яны нам патрапалі нэрвы! Хай прыедуць, наведаюць, выканаюць умовы ўсынаўленьня ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам. Мы ня супраць. Хай дзяўчынка выхоўваецца ў гэтай сям’і”.

Ала Паляўчук дадае, што ў Жодзіне Віка Мароз будзе наведваць адмысловы рэаблітацыйны цэнтар карэкцыі маўленчых асаблівасьцяў. Спадарыня Паляўчук дадала, што прыёмная маці Вікі сацыяльны пэдагог і ведае, як будаваць дачыненьні з праблемнымі дзецьмі. Спадарыня Паляўчук перадае наступную просьбу сям’і Васілеўскіх:

(Паляўчук: ) “Сярод умоваў мамы пры прыняцьці Вікі былі наступныя — ніякай інфармацыі для СМІ. Дайце спакойна выхоўваць дзіця, каб не было ніякага псыхалягічнага ўмяшальніцтва ў сям’ю”.

8 верасьня выхаванка Вялейскага дзіцячага дому Віка Мароз не вярнулася ў Беларусь з Італіі, дзе чарговы раз гасьцявала ў сям’і Алесандра Джуста і Марыі-К’яры Барначын. Сужэнцы заявілі, што не адпусьцяць дзяўчынку ў вялейскі інтэрнат, бо лічаць гэта небясьпечным для яе фізычнага і псыхічнага здароўя. На працягу 20 дзён італьянская сям’я хавала Віку Мароз ў кляштары ў мястэчку Валь д’Аоста.

У канфлікт былі ўцягнутыя супрацоўнікі міністэрстваў замежных справаў Італіі і Беларусі. У выніку перамоваў 29 верасьня Віку Мароз вярнулі ў Беларусь, дзе памясьцілі ўжо ў іншы – барысаўскі – інтэрнат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG