Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Кулік


Уладзімер Арлоў, Менск 31.10.1937, Менск — 12.1.2002, Менск. Пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках.

У 1980-м рэспубліканскі камітэт дзяржбясьпекі, кажуць, у складзе цэлага аддзелу, шукаў аўтара растыражаванай на Захадзе паштоўкі да 1000-годзьдзя Беларусі. Гэбісты доўгі час ня ведалі, што пракляты нацыяналіст, за якога яны атрымалі не адну прачуханку, засеў не дзе-небудзь у лясах ці сутарэньнях, а ўсяго толькі на другім баку праспэкту, на паддашку, акурат насупроць іхняга жоўтага дому, з бэльвэдэра над якім тады яшчэ відаць была Калыма.

З вокнаў майстэрні Яўгена Куліка таксама адкрываліся далёкія краявіды — праўда, зусім іншага кшталту. Адтуль па-над куродымам савецкага ідэалягічнага дурману відаць была Беларусь: ад пракаветных часоў Рагвалода й Рагнеды да, здавалася, яшчэ далёкай прышласьці, калі краіна здабудзе незалежнасьць. У гэта верыў кожны з тых, хто зьбіраўся на паддашку ў спадара Яўгена. І ня проста верыў, а набліжаў той час. Бо “На Паддашку” — так неафіцыйна і называўся гэты апазыцыйны інтэлігенцкі асяродак, створаны ў сярэдзіне 1960-х — сыходзіліся Лявон Баразна і Зянон Пазьняк, Міхась Чарняўскі і Алесь Разанаў, Міхась Раманюк, Зьміцер Санько, Віктар Маркавец, Аляксей Марачкін...

Там нараджаліся ідэі спачатку культурніцка-асьветных, а потым і палітычных акцыяў і праектаў, генэратарам многіх зь якіх быў Кулік. Сябры згадваюць, што якраз ён стаў ініцыятарам правядзеньня мастацкіх выставаў да 100-годзьдзя з дня нараджэньня паэтэсы Цёткі (1976) і 500-годзьдзя Міколы Гусоўскага (1980), якія прагучалі як выклік афіцыйнаму сацыялістычнаму па зьмесьце “мастацтву” зь ягонымі партызанамі і перадавікамі вытворчасьці. Я двойчы прыязджаў на выставу, прысьвечаную зусім невядомаму мне раней Гусоўскаму, з свайго Полацку. Менавіта яна разам з самой паэмай “Песьня пра зубра”, бліскуча праілюстраванай Яўгенам Куліком, і натхнілі мяне на аповесьць “Час чумы”. (Дарэчы, мастацтваўзнаўцы ставяць згаданыя ілюстрацыі ў шэраг найвышэйшых дасягненьняў беларускай кніжнай графікі.)

Аддана служачы нацыянальнай ідэі, Кулік у тыя 1970—1980-я гады стварыў найбольш значныя й вядомыя свае графічныя сэрыі “Помнікі Гарадзеншчыны”, “Замкі Беларусі”, аркушы паводле забароненай паэмы Янкі Купалы “На куцьцю”.

У маладосьці ён быў амаль двухмэтровым волатам-прыгажуном. Цяжкая хвароба рана скруціла Яўгена, ператварыўшы ў інваліда, але толькі загартавала ягоны дух.

Кулік стаў адным з ідэолягаў нацыянальнага Адраджэньня. Яго біёграф Пётра Васілеўскі падкрэсьлівае, што, застаўшыся ў мастацтве кансэрватыўным нацыяналістам, у палітыцы Яўген быў прыхільнікам нацыяналізму радыкальнага. Пры канцы 1980-х у ягонай майстэрні (якая пазьней пераехала на паддашак дому на Танкавай, дзе жыў Васіль Быкаў) зьбіралася ўжо не культурніцкая, а палітычная апазыцыя.

У 1991-м ён браў удзел у стварэньні графічнага эталёну “Пагоні” — Дзяржаўнага гербу Беларусі. Я памятаю, якім шчасьцем сьвяціліся тады звычайна змучаныя болем Яўгенавы вочы. Нам усім здавалася, што і бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня” — ужо назаўсёды.

Яўген быў ініцыятарам стварэньня аднайменнай мастакоўскай суполкі, ядро якой склалі творцы, некалі згуртаваныя “Паддашкам”. “Беларусь — мой сьвет”,— назвалі сябры “Пагоні” мэмарыяльную выставу твораў Яўгена Куліка. Так сказаць пра сябе і Радзіму ён меў права, як мала хто іншы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG