Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Сонечным травеньскім ранкам 1960 году мой бацька вярнуўся з працы надзвычай вясёлы і ад парогу выгукнуў: “Будуць новыя грошы!” “Дзе?” – улякнута перапытала маці. “Дзе-дзе… у дзяржаве. За дзясятку старых будуць даваць рубель новымі”.

Таго году толькі і размоваў было, што пра новыя грошы. Людзі нават забыліся на Паўэрса – амэрыканскага лётчыка, якога тады ж, у траўні, зьбілі над савецкай тэрыторыяй, і пра якога не стамлялася апавядаць радыёкропка. Уводзіць грошы зьбіраліся з 1 студзеня наступнага году, і мне, шасьцігадоваму карапузу, не цярпелася патрымаць іх у руках.

Дзесьці адразу пасьля Новага году да нас у кватэру ўбілася суседка. Расхлістаная, у зьбітай на вочы хустцы. Яе надоечы ледзь не прыдушылі ў ашчадкасе: усе праглі памяняць старыя грошы на новыя. Аддыхаўшыся, суседка дастала з кішэні кацавейкі пачак рудых рублёў, зялёных трульнікаў ды сініх пяцёрак. “Ой, якія маленькія!” – з панікай у голасе прамовіла маці, перахапіўшы ў суседкі навюткую, цупкую навобмацак рублёўку. Новыя купюры, у параўнаньні са старымі, і сапраўды былі мініятурнымі і, мяркуючы па матчыным голасе, не выклікалі даверу. Увечары маці пачала дакараць бацьку: маўляў, чаму ня йдзеш мяняць грошы, суседзі ўжо абмянялі. І бацька, адарваўшыся ад газэты, паведаміў, што не жадае ціскацца ў чарзе, і што абменьваць старыя грошы можна цэлых тры месяцы.

Такім чынам, ад 1 студзеня 1961 году грошы падаражэлі ў дзесяць разоў, але пры гэтым старыя манэты вартасьцю 1, 2 і 3 капейкі не абменьваліся і захоўваліся ў абарачэньні. Згаданая драбяза таксама стала ў дзесяць разоў даражэйшай. У зьвязку з тым пайшлі гуляць чуткі, што нехта ў Віцебску прыцягнуў на абмен цэлую торбу 3-капеечных манэтаў. Родны брат віцебчука, нібыта, працаваў у міністэрстве фінансаў і параіў зьбіраць жоўтую драбязу.

Новыя грошы напачатку выклікалі ў насельніцтва эйфарыю, але потым, убачыўшы, што дзяржава чарговым разам залезла ім у кішэнь, людзі зажурыліся. Тое, што абмен грошай азначаў прыхаваны рост цэнаў, уцямілі нават мы, першаклясьнікі. Так, школьны сшытак, які каштаваў 12 капеек, стаў каштаваць 2 капейкі “новымі”, то бок падаражэў на 8 капеек. Яшчэ большы рост цэнаў назіраўся на калгасных кірмашах. Там шклянку чарніцаў прадавалі за 10 капеек – як да абмену, так і пасьля. “А што ж гэта робіцца? Грошы старыя пайшлі!” – гукалі абураныя пакупнікі – паджылыя цётухны. І яшчэ доўгіх дваццаць гадоў, паглядаючы на цэньнікі ў крамах, цётухны абурана ўздыхалі і ўголас прамаўлялі – колькі гэта каштуе старымі грашыма.
XS
SM
MD
LG