Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Зьмітру Дашкевічу можа быць абвешчаны 1-га лістапада


Любоў Лунёва, Менск Другі дзень у судзе Кастрычніцкага раёну Менску судзяць лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Зьмітру пагражае зьняволеньне да двух гадоў. Ад 15 верасьня хлопца трымаюць пад вартай. Сёньня суд апытваў сьведкаў у справе. Паплечнікі Зьмітра знаходзяцца ля будынку суду.

Ля будынку Дому правасудзьдзя падчас суду над Зьмітром Дашкевічам стаялі некалькі дзясяткаў чалавек — пераважна паплечнікі маладафронтаўца. Сёньня ў натоўпе незаўважна было палітыкаў. Праваабаронца Людміла Гразнова патлумачыла сваю прысутнасьць гэтак:

(Гразнова: ) “Мяне ўразіла, што прыйшоў такі стары мужчына, хворы. Яму дзевяць дзён таму зрабілі апэрацыю. Але ж ён прыйшоў сюды. Стаяў тут з кіёчкам на холадзе. Ён прыйшоў выказаць сваю павагу Дзіму — гэтаму добраму хлопчыку, гэтаму герою”.

Ахоўнікі будынку не дазвалялі маладафронтаўцам зайсьці ў фае будынку, каб сагрэцца. Яны патлумачылі “Свабодзе”, што выконваюць загад кіраўніцтва. На спэцназаўцаў у цывільным загад не распаўсюджваўся: яны абедалі, пілі каву ў судовай кавярні, проста сядзелі там за сталамі. Юнакі й дзяўчаты на вуліцы прынесьлі з сабой каву і гарбату й частавалі ўсіх бутэрбродамі з каўбасой. Потым старшыня Камітэту дапамогі палітрэпрэсаваным Іна Кулей прывезла піражкі. Многія маладыя людзі, нягледзячы на халоднае надвор’е, былі з расшпіленымі курткамі. Гаворыць Алесь Ляўрыновіч:

(Ляўрыновіч: ) “Расшпілены, каб было відаць, што “Малады фронт” не спыніць”. Гэты надпіс тут амаль на ўсіх. Усе апранулі на курткі… Але я вось так вось выйшаў, каб мяне не затрымалі ў мэтро. Мы не хаваем, што зьяўляемся сябрамі “Маладога фронту”. Нягледзячы на тое, што за гэта могуць кінуць за краты, гэта нікога не палохае з нашых”.

Бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч увесь час знаходзіўся каля будынку суду.

(Дашкевіч: ) “Я недзе дзён дзесяць таму прыяжджаў сюды. Хадзіў-хадзіў па кабінэтах. Судзьдзю не знайшоў, бо яна была недзе на справе. Але ўсе сакратаркі — і яе, і старшыні суду, катэгарычна адмаўлялі, казалі, што прысутнічаць можна толькі пасьля вынясеньня прысуду”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы ведалі, што ваш сын такі вядомы чалавек?”

(Дашкевіч: ) “Што так — нават не ўяўляў… Ён меў магчымасьць застацца ў Амэрыцы. Я раіў яму перад паездкай: маўляў, заставайся там, цябе любая краіна прыме. А ён мне: “Тата, не пярэч мне. У мяне такі лёс. Я сьвядома выбраў свой шлях і дайду яго да канца”.

Спэцназаўцы не разганялі людзей ля будынку суду, але трое маладафронтаўцаў — Клюеў, Хведарук і Скрабутан — трапілі ў міліцыю. Хведарук паведаміў, што мае даваць паказаньні як сьведка на судзе над Зьмітром Дашкевічам і паказаў позву. Міліцыянты яго адпусьцілі. Клюева і Скрабутана пакінулі ў пастарунку.

Сёньня роўна год, як у судзе Маскоўскага раёну Менску арыштавалі на 15 сутак сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколу Астрэйку, Аляксандра Бондарава і Эніру Браніцкую. Потым Міколу і Эніру, як цяпер Зьмітра, абвінавацілі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Чакалася, што цягам некалькіх дзён будуць апытваць сьведак, але прыйшло няшмат чалавек. У асноўным гэта паплечнікі Зьмітра, паказаньні якіх хутчэй сталі маральнай падтрымкай маладафронтаўцу. Тым больш, што Зьміцер Дашкевіч не адмаўляецца ад свайго ўдзелу ў незарэгістраванай арганізацыі.

Паколькі адвакат даў падпіску аб неразгалошаньні таямніцы сьледства, то ён не паведаміў якую меру пакараньня папрасіў абвінаваўца. Максімум, што пагражае Зьмітру Дашкевічу – два гады пазбаўленьня волі.

1 лістапада а 16 гадзіне абвесьцяць прысуд. Абаронца Дашкевіча папросіць у судзьдзі даць дазвол прысутнічаць на абвяшчэньні прысуду сваякам Зьмітра, сябрам, дыпляматам.
XS
SM
MD
LG