Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менск: пратэстанты паступова выходзяць з галадоўкі


Альгерд Невяроўскі, Менск Але кругласутачныя дзяжурствы ў будынку храму не спыняюцца. Вернікі чакаюць паўторнага разгляду справы ў Менскім гарадзкім гаспадарчым судзе. Калі ўлады будуць працягваць ціск, ці суд ня верне храм, пратэстанты плянуюць аднавіць галадоўку.

Учора раніцай я наведаў царкву “Новае жыцьцё”, дзе 23 дні трымалі галадоўку пратэстанцкія вернікі.

Галадоўку прыпынілі ў суботу пасьля таго, як быў атрыманы адказ за подпісам старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду. Наглядная камісія апратэставала рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі, які забавязаў перадаць будынак царквы гарадзкім уладам за кампэнсацыю 35 мільёнаў рублёў.

Алена Паплаўская з прэсавай службы “Новага жыцьця” расказала, што адбываецца ў іх рэлігійнай грамадзе пасьля прыпыненьня галадоўкі:

(Паплаўская: ) “Каля трыццаці чалавек знаходзіцца ў будынку царквы. Вернікі моляцца, бо малітва – гэта нашая абарона. Знаходзяцца, каб тут заўсёды былі людзі. Пакуль рашэньня гаспадарчага суду ў нас няма, і мы ня ведаем, якім яно будзе, мы знаходзімся тут”.

Каля трыццаці чалавек дзяжурылі ў царкве мінулай ноччу. Удзень жа там знаходзілася толькі некалькі былых галадоўнікаў і супрацоўнікі прэсавай службы. Паменела й ложкаў, на якіх вернікі адпачываюць. У царкве я сустрэў Сяргея Цераха, які пасьля прыпыненьня галадоўкі застаўся несьці там варту:

(Церах: ) “Я здаровы і поўны сілаў ісьці далей. Я вельмі люблю Бога й хачу, каб прыйшла свабода. А свабода прыходзіць тады, калі нехта, нават калі ён адзін, займае пазыцыю не сыходзіць, пакуль ня прыйдзе перамога”.

Пратэст калегіі Вышэйшага гаспадарчага суду вернікі лічаць толькі першым крокам уладаў ім насустрач. Пра далейшыя пляны гаворыць юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін:

(Луканін: ) “Мы несумнеўна будзем вельмі ўважліва адсочваць кожнае дзеяньне ўладаў. Гэта тычыцца як судовай, так і выканаўчай уладаў. Мы ўжо чулі выказваньні чыноўнікаў Менгарвыканкаму пра тое, што нам у будучыні ня ўдасца ўвесьці наш будынак у эксплюатацыю, нават калі суд і пакіне яго ў нашай уласнасьці, і гэтак далей. Мы гэта ўсё адсочваем, і калі заўважым, што тыя словы прэзыдэнта, якія нам перадаў Алег Праляскоўскі, не выконваюцца, альбо несапраўдныя хаця б у нейкай частцы, то, бясспрэчна, акцыя будзе працягнутая ў поўным аб’ёме”.

На сёньняшні дзень у менскіх шпіталях знаходзяцца чатыры ўдзельніцы галадоўкі. Гэта Тацяна Трушкевіч, Натальля Чарнушэвіч, Тацяна Варанцова і Натальля Іванова. Апошнімі днямі царква атрымала дванаццаць лістоў падтрымкі з ЗША, Вялікабрытаніі, Фінляндыі, Чэхіі й Літвы.





XS
SM
MD
LG