Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: чым зьяўляюцца Дзяды для беларусаў?


Радыё Свабода, Менск Дзяды — старадаўняя рэлігійна-народная традыцыя. Як дзяржаўнае сьвята, Дзяды ў Беларусі праіснавалі некалькі гадоў. Што пра Дзяды ведаюць беларусы?

(Карэспандэнтка: ) “Што для вас Дзяды? Ці нейкім чынам вы ўшаноўваеце гэтае сьвята?”

(Юнак: ) “Гэта калі на могілкі ходзяць? Канечне, ушаноўваю. Я лічу, што абавязак кожнага чалавека — ушаноўваць гэтае сьвята, бо мы павінныя памятаць пра тых, каго цяпер з намі няма”.

(Спадар: ) “Я сам з Гомелю, і чуў, што ёсьць такое сьвята. Але чаму яго назвалі Дзядамі, не ўяўляю. Ведаю таксама, што гэтае сьвята адзначаюць, але я не адзначаю”.

(Юначка: ) “Я даведалася пра Дзяды толькі сёлета. Чытала, што гэта ўшанаваньне нашых продкаў. І таму хачу далучыцца да гэтага ўшанаваньня, бо я ганаруся, што я беларуска і жыву ў Беларусі”.

(Спадар: ) “Дзяды — гэта традыцыя такая народная, паход на могілкі. Я жыву ў вёсцы, і ў нас гэта сталая традыцыя, каб у гэты дзень хадзіць на могілкі й памінаць памерлых”.

(Карэспандэнтка: ) “Што для вас Дзяды? Ці нейкім чынам вы ўшаноўваеце гэтае сьвята?”

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, у нашай сям’і так: ёсьць памерлыя, мы накрываем стол і запрашаем іх — прыходзьце мыцца і за стол садзіцца. Вось такія ў нас Дзяды. І ўжо пасьля дванаццаці яны прыходзяць. А праўда гэта ці не, я гэтага ня ведаю”.

(Юнак: ) “Дзяды — гэта тое сьвята, калі ўсе павінны прыбраць магілы сваіх продкаў, адзначыць гэты дзень у цесным сямейным коле. Каб згадаць усіх, хто нас пакінуў, каб памяць пра іх засталася жывой. У нашай сям’і ёсьць такая традыцыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адзначаеце вы Дзяды? Калі так, то як гэта робіце?”

(Спадарыня: ) “Як адзначаем? Я хаджу ў царкву, замаўляю службу. А на наступны дзень за сямейным сталом згадаем памерлых. У нас не прынята на магілках адзначаць”.

(Юнак: ) “Дзяды — памінаньне продкаў, але ў асноўным гэта каталіцкае сьвята. А я, як праваслаўны, яго не адзначаю”.

(Спадарыня: ) “Я ведаю, што Дзяды — дзень памяці памерлых. Мы, сваякі, знаёмцы, зьбіраемся, глядзім фатаздымкі, згадваем. А пасьля сядзем памянем, па кілішку вып’ем, кветкі на могілкі занясем менавіта ў гэты дзень”.

(Юначка: ) “Дзяды — гэта сьвята пашаны продкаў. Сьвята, якое было здаўна. І кожны беларус у гэты дзень павінен ехаць на могілкі, каб ушанаваць сваіх продкаў. Бо калі не паважаць гісторыю і культуру свайго народу, то і народ ня будуць паважаць”.
XS
SM
MD
LG