Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жодзіне “аўганцам” не даюць юрыдычнага адрасу


Міхал Стэльмак, Менск У грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане, офіс якога месьціцца ў Жодзіне, узьніклі праблемы зь перарэгістрацыяй. Яго актывісты зьвязваюць гэта зь перасьледам лідэра арганізацыі Аляксандра Камароўскага.

У Жодзіне інваліды-“аўганцы” мелі дагэтуль два юрыдычныя адрасы. Рэспубліканская арганізацыя была зарэгістравана ў будынку, якім валодае мясцовы прадпрымальнік, а абласная філія – у інтэрнаце прадпрыемства БелАЗ. Аднак неўзабаве узьніклі праблемы. Як паведаміў старшыня аб’яднаньня Аляксандр Камароўскі, спачатку пра адмову ад далейшага супрацоўніцтва заявіў бізнэсовец:

(Камароўскі: ) “Да яго падышлі два чалавекі, папярэдзілі – зь яго словаў, бо я ж ня бачыў і ня чуў –што, маўляў, калі Сан Санычу дасі юрыдычны адрас, то ў цябе будуць праблемы. І той мне адмовіў. Другая – абласная арганізацыя – у мяне па праспэкце Міру, 19. Гэта – 9-павярховы інтэрнат БелАЗу. І БелАЗ адмовіў. Відаць, зь ім таксама праведзена размова”.

У адміністрацыі БелАЗу яго прадстаўнікі прычыны адмовы ў прадстаўленьні юрыдычнага адрасу не тлумачаць – спасылаюцца на недасьведчанасьць. Памочнік генэральнага дырэктара Юры Домнін:

(Домнін: ) “Я адказваю за тое, каб прыйшла папера, была зарэгістравана, патрапіла ў патрэбны адрас, на яе быў дадзены адказ. Адказ жа дадзены. Адказ даваў нейкі канкрэтны чалавек, які, відаць, гэта ўзгадняў з кіраўніцтвам. І выдаў такі адказ Камароўскаму”.

Спадар Камароўскі патрапіў у поле зроку ўладаў сёлета. У верасьні й кастрычніку “Народная воля” й шэраг інтэрнэт-выданьняў зьмясьцілі яго артыкулы, у якіх аўтар выказаў крытыку на адрас кіраўніцтва краіны пра адсутнасьць у Беларусі рэальнай дапамогі былым удзельнікаў вайны ў Аўганістане. Апроч таго, у Жодзіне ён пачаў адкрыта супрацоўнічаць зь мясцовымі апазыцыянэрамі. Напрыклад, у жніўні з удзелам “аўганцаў” праходзіў летнік для дэмакратычнай моладзі, які разагналі міліцыянты.

Камэнтуе сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Валчанін:

(Валчанін: ) “Як лідэр “аўганцаў” ён палез у палітыку. Канешне, уладзе гэта не спадабалася”.

Тыдзень таму на Аляксандра Камароўскага завялі крымінальную справу – у яго двойчы нібыта “знаходзілі” фальшывыя грошы. Спачатку на беларуска-польскай мяжы ў шапцы спадара Камароўскага мытнікі выявілі 500 фальшывых даляраў, а затым яшчэ 300 у яго кватэры. Аднак, паводле жодзінскага “аўганца”, ён ня мае да гэтых грошай ніякага дачыненьня і сьцьвярджае, што іх яму падкінулі.

Цяперашнія праблемы з юрыдычнымі адрасамі, як лічыць кіраўнік аб’яднаньня, ёсьць працягам ціску на яго асобу:

(Камароўскі: ) “Удаўку сьціскаюць, і гэта ў іх як бы правераны спосаб – адсутнасьць юрыдычнай адрасу. Яшчэ якая ў мяне праблема ўзьнікла? У нас жа арыштавалі тры кампутары. А ўся праца, бугальтэрыя зьмешчаны ж у нас у кампутарах. І мы цяпер проста ў падвешаным такім стане”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG