Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДУ: птушка з падрэзанымі крыламі


Іна Студзінская, Менск Споўнілася 85 гадоў Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту. Зараз у склад старэйшай ВНУ ўваходзіць 17 факультэтаў, Дзяржаўны інстытут кіраваньня і сацыяльных тэхнаёгіяў, Інстытут бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгіяў, Інстытут тэалёгіі імя сьвятых Мэфодыя і Кірылы, ліцэй БДУ і юрыдычны каледж, 3 НДІ, 14 прадпрыемстваў.У БДУ навучаюцца амаль 24 тысячы студэнтаў. Амаль 70 гадоў БДУ быў адзіным ў Беларусі ўнівэрсытэтам. Цяпер унівэрсытэты ёсьць нават у невялькіх гарадах, кшталту Пінску, Баранавічаў, Мазыра.

Прафэсар Адам Мальдзіс скончыў БДУ 50 гадоў таму, у 1956 годзе. І застаецца шчырым патрыётам “alma mater”. І хаця многія крытыкуюць, што БДУ бракуе беларускасьці, акрамя філфаку і журфаку выкладаньне вядзецца ў асноўным па-расейску, і яго з вялікай нацяжкай можна назваць нацыянальным, спадар Мальдзіс спадзяецца, што гэта толькі часовая зьява.

(Мальдзіс: ) “Наколькі я ў думках аглядваю гісторыю ўнівэрсытэту, ён заўсёды станоўча адрозьніваўся ад іншых ВНУ. І сёньня гэта і па выкладчыках, і па студэнтах, і па абсталяваньні – вядучая ўстанова. Імідж, нават калі гаварыць з нацыянальнага боку, безумоўна, станоўчы. Іншая справа, што вось гэтая хваля беларускасьці, якая пачалася на пачатку 90-х, цяпер адступіла. Але я ўсё ж такі думаю, што гэта часовая зьява. Прылівы і адлівы заканамерныя, і гэта ўсяляе надзею”.

Белдзяржунівэрсытэт не ўваходзіць нават у сотню вядучых унівэрсытэтаў сьвету. Для параўнаньня: у рэйтынгу, які штогод складае Інстытут вышэйшай адукацыі Шанхайскага ўнівэрсытэту, летась Маскоўскі ўнівэрсытэт займаў 67-ы радок, Санкт-Пецярбурскі – 343-ы. Былы прарэктар БДУ па міжнародных сувязях Аляксандар Рухля (які працаваў у часы рэктара Казуліна) выказаў такое меркаваньне:

(Рухля: ) “Спэцыялісты, якіх рыхтуе ўнівэрсытэт, на самай справе добрыя. Іх можна ставіць калі не ў дзясятку першых унівэрсытэтаў сьвету, а ў сотню напэўна трапляюць. Я па сваіх знаёмых, сябрах фізыках, хіміках мяркую, што хто паехаў у іншыя краіны з нашага ўнівэрсытэту, тыя працуюць на самых высокіх пасадах. Вельмі шмат разумных, талковых людзей. Што тычыцца яго прызнаньня ў сьвеце, дыплёмаў, на самой справе, нейкая другасортнасьць ёсьць. Незаслужаная. Напэўна, гэта зьвязана з палітычнымі справамі ў нашай краіне. Унівэрсытэт зьяўляецца, скажам так, адлюстраваньнем палітычнага стану краіны. Як ні круці, а так яно і ёсьць…”

Яшчэ аднаго былога прарэктара БДУ Анатоля Паўлава, які аддаў унівэрсытэту амаль 40 гадоў жыцьця, больш за ўсё засмучае наступнае:

(Паўлаў: ) “Сёньня дайшлі да чаго: указам альбо дэкрэтам Статут унівэрсытэта напісалі, выкрасьліўшы ўсё, што датычыць дэмакратычных свабод, навуковых свабод. Птушка з падрэзанымі крыламі не лятае. І горка, і крыўдна, да чаго мы дайшлі: у савецкія часы рэктар унівэрсытэту абіраўся навуковай радай. Ён абіраўся тайным галасаваньнем. А нам сёньня рэктара прызначаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG