Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі сфармавана 369 акруговых камісіяў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня, 31 кастрычніка, у Цэнтравыбаркам паступаюць выніковыя зьвесткі з рэгіёнаў пра фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў. Іх 60 у кожнай вобласьці. У Менску 9 раённых тэрытарыяльных камісіяў будуць выконваць функцыі акруговых. Ці патрапілі туды прадстаўнікі апазыцыі?

Учора ўвечары ў Менскім гарвыканкаме паведамілі, што камісіі сфармаваныя. Аднак атрымаць інфармацыю пра іх не ўдалося. Маўляў, усе зьвесткі будуць апублікаваныя ў прэсе толькі 1 лістапада. Прадстаўніца ўправы арганізацыйна-масавай працы Тацяна Ждановіч расказала толькі пра партыйны склад камісій у Менску.

(Ждановіч: ) “52 працэнты прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў у складзе камісій. Лібэральна-дэмакратычная, Аграрная, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці, Кампартыя Беларусі”.

З гэтага вынікае, што ў Менску прадстаўнікі апазыцыі засталіся, як кажуць, “па-за гульнёй”. Хоць, да прыкладу, АГП вылучала 9 сваіх сяброў у склад акруговых камісій. Адзін з кандыдатаў – Яўген Лемеш – працуе намесьнікам начальніка цэха на Менскім аўтазаводзе. Яму тэлефанавалі зь Менгарвыканкаму:

(Лемеш: ) “Запыталі, ці ведаю я, што мяне вылучылі ў склад камісіі. Запыталі, ці змагу я па сваёй працы выконваць абавязкі сябра камісіі. Ці ня будзе яна мне перашкаджаць? Я сказаў, што ў мяне ёсьць некалькі адгулаў і я пастараюся выконваць абавязкі сябра камісіі. Больш мне не тэлефанавалі. Думаю, што ня ўключаць”.

Палітоляг Алесь Лагвінец вылучаўся ў Фрунзенскім раёне праз збор подпісаў. Але ўчора ня змог атрымаць ніякай інфармацыі. Разам са спадаром Лагвінцом гэтак жа праз збор подпісаў спрабавалі прабіцца ў камісіі й іншыя грамадзяне дэмакратычных поглядаў. Гэта журналіст Анатоль Гуляеў, былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Карэн Акопаў, які займаўся арганізацыяй выбараў у Косаве, юрыст Раіса Муліна і адвакат Аляксандар Пыльчанка. Агулам за пяцёх – 292 подпісы, што значна больш, чым трэба. Паводле Алеся Лагвінца, фармаваньне камісій адбываецца непразрыста.

(Лагвінец: ) “ Мы ж маем лакмусавую паперку таго, як гэта ўсё адбываецца. Як зараз яны нават баяцца даваць інфармацыю людзям, якія наўпрост у гэтым зацікаўленыя”.

Наступны этап кампаніі – вылучэньне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы.
XS
SM
MD
LG