Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя выпадкі вандалізму на могілках пад Віцебскам (фота)


Радыё Свабода Віцебскі апазыцыйны актывіст і праваабаронца Павал Левінаў, які ехаў на Дзяды на месца пахаваньня сваякоў у вёсцы Заронава, змушананы быў зьвярнуцца ў міліцыю. Паволе ягоных падлікаў, нехта папсаваў на вясковым пагосьце каля 20-ці надмагільных помнікаў – невядомыя вандалы стралялі па мэдальёнах з партрэтамі з пнэўматычнай або дробнакалібэрнай зброі.

На заяву Паўла Левінава ў Віцебскім райаддзеле міліцыі завялі адміністрацыйную справу.

(Левінаў: ) “Яны ўжо выязджалі на могілкі, фатаграфавалі там усё, разглядалі пашкоджаньні. Аналягічныя пашкоджаньні – стралялі ў левае вока. Выбоіны там якія ў мэдальёнах! Я, да прыкладу, лічу, што гэта стралялі з дробнакалібэрнай зброі. А яны кажуць – з пнэўматычнай вінтоўкі. Ну, калі шукаць будуць, то знойдуць!”

Павал Левінаў лічыць найбольш верагодным, што помнікі папсавалі мясцовыя падлеткі: з Заронава ці з бліжэйшых вёсак. Прынамсі, у вёсцы Мазалава таксама былі падобныя выпадкі – некалькі тыдняў таму нехта пастраляў па медальёнах і там.

Дэпутатка Заронаўскага сельсавету, настаўніца мясцовай школы Людміла Нікіціна, лічыць, што так паздзеквацца з памерлых мог толькі чужы чалавек. Яна правяла карэспандэнтаў па могілках і паказала 23 пашкоджаныя помнікі, пра якія ёй раней казалі абажаныя сваякі.

(Нікіціна: ) “Я іх усіх адправіла: ідзіце ў міліцыю. Чатыры міліцыянты хадзілі тут... У нас раней што было? Вянкі кралі, кветкі кралі. Ну, можа там у каторага на каго зло нейкае, але каб пастраляць вось так бязбожна! Ужо калі гэта рабілі алькаголікі... Але я думаю, што ўсё-ткі гэта ня нашы.”

Міліцыя пакуль што не знайшла вінаватых. Між тым на Віцебшчыне толькі цягам кастрычніка зафіксаваныя 4 факты вандалізму на могілках: два згаданыя выпадкі ў Віцебскім раёне і два выпадкі на габрэйскіх і хрысьціянскіх могілках у Воршы. Прычым аршанскі райаддзел міліцыі адмовіўся заводзіць справу супраць вандалаў на скаргу дырэктара спэцкамбінату Віктара Дзяржыцкага.





















Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG