Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Зарэцкі


Уладзімер Арлоў, Менск 20.11.1906, в. Высокі Гарадзец (цяпер Талачынскі раён) — 29.10.1937, Менск.

Няма на цэлым сьвеце іншай культуры, што панесла б у ХХ стагодзьдзі такія страшныя, ледзь не фатальныя страты, як наша. У 1930-я маладая нацыянальная інтэлігенцыя была амаль цалкам фізычна зьнішчаная або духоўна зламаная, кінутая ў канцлягеры, высланая ў Сібір. На волі засталося ўсяго каля дзесяці пісьменьнікаў, над якімі дамоклавым мячом вісела пагроза арышту ў любы момант.

Самым чорным днём Беларусі, аналягаў якога ня ведае эўрапейская гісторыя, сталася 29 кастрычніка 1937 году, калі, як высьветліў пісьменьнік і гісторык Леанід Маракоў, на працягу адной ночы ў гонар дня ленінскага камсамолу і 20-годзьдзя кастрычніцкага перавароту, у Менску былі расстраляныя 22 літаратары: Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Ізі Харык... Сярод самых маладых і таленавітых творцаў, чыю песьню абарвала куля ката з чырвонай зорачкай на шапцы, быў 35-гадовы Міхась Зарэцкі.

Ён зьявіўся на сьвет у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Касянкова (гэта сапраўднае прозьвішча пісьменьніка), чалавека крутога, з падкрэсьлена крытычным стаўленьнем да жыцьця, што перадалося й сыну. Міхась не адразу знайшоў сябе: вучыўся ў Аршанскай духоўнай вучэльні, потым у Магілеўскай духоўнай сэмінарыі, настаўнічаў, служыў у Чырвонай Арміі камісарам і адначасова вучыўся ў БДУ.

Ён быў зь ліку тых, хто, здаецца, шчыра паверыў у абяцанае бальшавікамі пераўтварэньне сьвету на справядлівых пачатках. Сябар літаратурна-мастацкага аб’яднаньня “Маладняк”, а потым — “Полымя”, Зарэцкі зрабіўся адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў рамантычнага напрамку ў беларускай прозе тых гадоў, якога ці не найбольш цікавіў стан душы чалавека на пераломе гістарычных эпохаў.

У 1927-м разам з Цішкам Гартным і Міхасём Чаротам Зарэцкі зьдзейсьніў колькімесяцавае падарожжа за мяжу — у Латвію, Чэхаславаччыну, Нямеччыну і Францыю, што не магло не паўплываць на шырыню сьветапогляду пісьменьніка. Відаць, зусім невыпадкова неўзабаве пасьля вяртаньня ён робіцца адным з ініцыятараў дыскусіі ў друку аб шляхах разьвіцьця беларускага тэатру, выступаючы супраць камэрцыялізацыі мастацтва і абыякавасьці да нацыянальнага рэпэртуару. Тады сама, у 1928-м, зьявіўся ягоны нарыс “Падарожжа на новую зямлю”, дзе Зарэцкі выступіў як апалягет змаганьня з нацыянальным нігілізмам. Улады адказалі выключэньнем пісьменьніка з партыі “за праяўленьне нацыянал-дэмакратызму”.

Напісаньне ў 1929-м гістарычнай драмы “Рагнеда” і зьмешчаны ў “Полымі” пачатак раману “Крывічы” (публікацыя ня мела працягу) наўрад ці сьведчылі пра тое, што іхні аўтар стаў на шлях выпраўленьня. У 1932-м зьявіўся раман “Вязьмо”, які на рэспубліканскім літаратурным конкурсе атрымаў прэмію, як адзін з найлепшых твораў на тэму калектывізацыі. Аднак гэты факт найперш кажа не пра зьмену поглядаў Зарэцкага, а пра настроі сяброў журы, якія адзначылі твор, дзе выкрывалася антыгуманная сутнасьць таталітарызму й паказвалася трагедыя беларускае вёскі.

У 1936-м, напярэдадні “кастрычніцкіх сьвятаў”, па Зарэцкага прыйшлі...

Я спрабую ўявіць, як ён і дваццаць адзін ягоны калега трымаліся ў сваю апошнюю ноч, у апошнія хвіліны. Як яны разьвітваліся, якія песьні, магчыма, сьпявалі, якія словы выгуквалі на разьвітаньне з гэтым сьветам і Беларусьсю. Спрабую ўявіць, і на памяць прыходзяць імёны нашых сучасьнікаў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага...

...Усьлед за Зарэцкім зьніклі або загінулі і рукапісы многіх яго твораў. Прынамсі, дагэтуль ня знойдзеныя ні драма “Рагнеда”, ні раман “Крывічы”.
XS
SM
MD
LG