Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа беларускага інтэрнэту


Радыё Свабода На сайце газэты ”Наша Ніва” --> http://nn.by/index.php?c=ar&i=4581 абмяркоўваюць суд над лідэрам непрызнанай уладамі арганізацыі “Малады Фронт” Зьмітром Дашкевічам. Сяржук піша: “Прапаную апублікаваць у сеціве фота судзьдзі і абвінаваўцы ды іхныя біяграфіі. Краіна мусіць ведаць сваіх герояў. Цяпер, а не пасьля. Дарэчы, трэба апублікаваць прамову абвінаваўцы, каб кожны мог яе абмеркаваць”.

А на форумах парталу Tut.by адгукаюцца на інфармацыю пра тое, што ў аўтамабілі нефармальнага лідэра беларускіх палякаў Анжалікі Борыс знайшлі нейкі парашок. Наведнікі пішуць:

“Састарэла. Можна было і сьвяжэйшае што прыдумаць. Нават правакацыю добра арганізаваць ня могуць, чэкісты…”

“Так “тапорна” спрацаваць не маглі. Можа быць гель (ад запацеваньня шкла)”.

Зьявіўся “Сайт у падтрымку царквы “Новае Жыцьцё” 30 кастрычніка на старонцы апублікаваны Калектыўны зварот да вернікаў і душапастыраў усіх рэлігійных аб’яднаньняў Беларусі : да юдэяў, пратэстантаў, каталікоў і праваслаўных – разам да прадстаўнікоў 10 рэлігійных плыняў. “Просім Вас выказаць Вашу салідарнасьць зь вернікамі “Новага жыцьця” ў іх законных патрабаваньнях і дапамагчы абараніць правы на свабоду веравызнаньня. Просім Вас давесьці сваю пазыцыю да ведама ўладаў і сваіх супольнасьцяў”, – пазначана ў звароце. Таксама на сайце разьмешчаны калектыўны зварот да дзяржаўных СМІ з патрабаваньнем большай увагі да канфлікту “Новага Жыцьця”.

На сайце блогаў TOLBelarus зьмешчаны падкаст, прысьвечаны асьвятленьню падзеяў у краіне дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ. Падкаст – падобная да радыё аўдыёпраграма, якая выстаўляецца ў сеціве і прызначаная для праслухоўваньня на кампутары ці плэеры.

(Дзяўчына: ) “Добры вечар. Гэта блог “TOLbelarus”, з вамі Зьміцер, Андрэй і Алеся”.

(Хлопец: ) “Мяне ўсхвалявала такая падзея. У выпуску навінаў БТ распавялі пра здарэньне ў маім родным горадзе Горадні. Там перакулілася маршрутка з пасажырамі, і быццам ніхто з пасажыраў не пацярпеў. Я ведаю, што гэта няпраўда. Падчас гэтага здарэньня перакуліўся аўтобус “МАЗ” з пасажырамі, і, на жаль, людзі пацярпелі. На месца падзеі выехала 7 машынаў “хуткай дапамогі”. І хтосьці атрымаў ледзьве ня траўму храбту”.

Цалкам перадача трывае 8 хвілінаў.

Сайт Bybanner.com публікуе дасьледваньне пра тое, як супрацоўнікі розных фірмаў выкарыстоўваюць сеціва. Кампанія “Global Market Insite, Inc.” высьветліла, што больш за палову офісных работнікаў наведваюць інтэрнэт. 8 зь 10 карыстаюцца сецівам ня толькі для працы, але і для забаваў. Знаёмствы, анэкдоты, музыка і эротыка цікавяць карыстальнікаў найперш. 80 працэнтаў працадаўцаў закрываюць вочы на падобныя заняткі сваіх падначаленых.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 2663952 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі . Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG