Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лёгка даехаць да Польшчы. Рэпартаж зь мяжы.


Радыё Свабода Паводле афіцыйнай статыстыкі, праз памежны пераход “Брузгі – Кузьніца Беластоцкая” у абодвух кірунках за суткі пераяжджаюць мяжу 5 тысяч аўтамабіляў.

Да кантрольна-прапускнога пункта “Брузгі – Кузьніца Беластоцкая” яшчэ, як меней, два кілямэтры. Але ўжо тут машыны спыняюцца – чарга.

Каля дзевятай вечара. Восеньскі холад, лес, цемра, людзі сядзяць і грэюцца ў машынах, толькі зрэдку дзе-нідзе стаяць купкамі й пра нешта размаўляюць. Падыходжу, вітаюся й пытаюся: ці доўга яшчэ стаяць, каб пераехаць мяжу.

(Павал: ) “На той бок пераедзем гадзінаў у пяць раніцы і гэта ў лепшым выпадку”.

Для многіх жыхароў Беларусі і Польшчы мяжа стала адзіным спосабам зарабіць на жыцьцё: туды вязуць паліва, назад тавар і харчы на продаж. За адну паездку ўдаецца зарабіць ад 30 да 50 даляраў.

(Карэспандэнт: ) "Цікаўлюся ў хлопцаў, як яны вытрымліваюць цэлую ноч стаяць у чарзе?"

(Павал: ) “Ды вось. Хто ў машыне - дрэмле, хто як”.

(Аляксей: ) “Так і стаім выглядваем, калі нейкі зрух адбудзецца, а што рабіць”.

(Карэспандэнт: ) "Больш чым за 10 гадоў існаваньня памежнага пераходу зь беларускага боку так і не пабудавалі ніводнай кавярні. Ёсьць дзьве прыбіральні, але там няма сьвятла. Пытаюся ў тых, хто стаіць у чарзе, дзе яны харчуюцца?"

(Галасы: ) “З сабою бярэм. Няма тут нічога, толькі там побач з мяжой можна купіць каву альбо гарбату. Там далей ёсьць крама. Як маеш з сабой яблык, то зьясі, а так...”

Бліжэй да мяжы чарга дзеліцца на 3 плыні.

Размаўляю з студэнтам Андрэем, які падзарабляе памежным гандлем.

(Андрэй: ) “Чарга вялікая, бяспраўе, лезуць. Мытнікі дрэнна працуюць, чарга стаіць на месцы – вось і ўся праблема.”

Да нашай размовы далучаецца дзяўчына, якая працуе ў шапіку й прадае страхоўкі:

(Дзяўчына: ) “Кашмар. Паглядзіце, як можна тут працаваць, калі такі натоўп народу. Няма ні міліцыянтаў, ні даішнікаў, адны памежнікі не даюць рады тут парадак наводзіць. Усім напляваць што тут адбываецца”.

Пан Зьдзіслаў з Польшчы, які слухае нашу размову, кажа, што асабліва апошнія два дні сталі дрэнна працаваць беларускія памежнікі:

(Зьдзіслаў: ) “Думаю, што кожны лягічна думаючы чалавек разумее, што гэта рэакцыя беларускіх уладаў на чарговы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронена ўяжджаць на тэрыторыю Эўразьвяза. Праўда, церпім ад гэтага мы, простыя палякі”.

А вось што гаворыць беларус спадар Мікалай:

(Мікалай: ) “Проста зьдзек над народам, адкрыта кажу. Зьдзек. І больш нічога...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG