Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фірмовыя кашулі


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Сёньняшнія маладзёны пры наяўнасьці грошай могуць пайсьці на кірмаш і набыць вопратку на свой густ. У нас час такіх кірмашоў не існавала, і мы апраналіся хто як мог. Вось жа, калі вучыліся ў дзясятай клясе, угледзелі ў польскім часопісе фатаздымак Джорджа Гарысана ў квяцістай кашулі. З выгляду яна нагадвала касаваротку, і мы – Валер Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў ды Вінцэсь Мудроў – вырашылі сшыць такія ж.

Першым у атэлье выправіўся Валер Шлыкаў. Касаваротку там шыць адмовіліся – сказалі, што няма адпаведных лякалаў, - таму сшылі звычайную кашулю з каўняром. Сябрук заявіўся ў ёй на заняткі, і яго выставілі са школы. Настаўнікі гамузам заявілі: “Мы не допустим, чтобы ученики приходили в школу в таких кричащих рубашках!” Потым, калі ішлі разам дахаты, Валер, з пранонсам вясковай цёткі, пачаў гукаць: “Сьціхні… я табе сказала – сьціхні!” Мы ўважліва паглядзелі на сябра, і той растлумачыў, што сунімае гэткім чынам сваю “кричащую” кашулю.

Займець такую абнову мне не давялося: маці не дала грошай на пашыўку. Сумаваў я з тае нагоды нядоўга. Неўзабаве патэлефанаваў Анатоль Рыбікаў і загадаў тэрмінова, прыхапіўшы белую сарочку, бегчы да яго. Калі я прыбег, у яго ўжо сядзеў Валер Шлыкаў і круціў палкай у медніцы, што поўнілася цёмнай вадкасьцю. “Анілінавы фарбавальнік дасталі. Завязвай кашулю вузламі ды кідай, пакуль вада не астыла”. Кашулі фарбавалі цэлую гадзіну, потым выцягнулі зь медніцы, разьвязалі вузлы. Атрымалася тое, што трэба. Расфарбоўка была такая, што калі мы ўвечары выйшлі “на брод”, мінакі кідаліся ў бокі. У такой кашулі я хадзіў больш году, і згубіў недзе ў студэнцкім будатрадзе.

Студэнцкая пара між тым запатрабавала не саматужна фарбаваных сарочак, а польскіх кашуляў у палоску і з плянкай на грудзіне. Кашулі трэба было ўшываць, каб яны былі ў абліпку да цела. Ушывалі з двух бакоў, крыху бліжэй да сьпіны. Пасьля такой апэрацыі кашуля абцягвала чэрава, ды так, што паміж гузікаў утвараліся прарэхі.

Улетку 1974 году, на кароткі час, у модзе запанавала кашуля, як бы сшытая з газэты: набіванка была ў выглядзе газэтных палосаў. Ну а потым прыйшла пара крымплену. Цела ў ім, як і ў нэйлёне, ня дыхала. Затое сам матэрыял быў мяккім і не камечыўся. Адно што мэталёвыя бранзалеты на гадзіньніках давялося замяніць на звычайныя, цыратавыя. Край манжэціны цёрся аб мэтал і хутка праціраўся.

На зьмену крымплену прыйшла сапраўдная “фірма”: кашулі з тонкай джынсападобнай тканіны і з мэталёвымі кнопкамі замест гузікаў. І той са шчасьліўцаў, хто меў джынсы, мусіў для поўнага камплекту і яшчэ большай паўнаты шчасьця набываць фірмовую кашулю.
XS
SM
MD
LG