Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Марна чакаць, што народ расплюшчыць вочы й пачне любіць апазыцыянэраў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Як зьменіцца стаўленьне беларускага насельніцтва да ўлады і апазыцыі ў выпадку, калі Расея выканае свае даўнія пагрозы й рэзка падвысіць кошт энэрганосьбітаў для Беларусі?

На гэту тэму, якая з набліжэньнем новага году становіцца ўсё больш актуальнай для краіны, выказваюцца многія нашы слухачы. Вось што піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Павал Мароз з Капыльскага раёну:

“Дарэмна апазыцыя спадзяецца, што пасьля таго, як расейскі газ падаражэе, народ расплюшчыць вочы і пачне любіць апазыцыянэраў. Жыцьцё, сапраўды, стане цяжэйшае, але каго людзі палічаць вінаватым у гэтым? Думаеце, Лукашэнку? Ні ў якім разе. Ён жа даходліва ўсім патлумачыць (дый ужо патлумачыў), хто хоча злупіць зь Беларусі сем скураў. Гэта Пуцін і расейскія алігархі. На іх і будуць скіраваны гнеў і нянавісьць беларускага насельніцтва. Тым больш, што Лукашэнка, напэўна, паспрабуе зьмякчыць удар: галоўны цяжар росту цэнаў на газ ляжа на прадпрыемствы, з кішэняў якіх вытрасуць апошняе.

А апазыцыі з гэтага нічога ня “сьвеціць”. Ну, узрастуць у Беларусі антырасейскія настроі, стане неактуальнай ідэя саюзнай дзяржавы… Але ж да апазыцыі стаўленьне ня зьменіцца – ні з боку насельніцтва, ні з боку ўлады. Яна як была, так і застанецца на ўзбочыне палітычнага жыцьця”.

Цяжка згадаць, спадар Мароз, публічныя заявы лідэраў беларускай апазыцыі, у якіх бы яны зьвязвалі спадзяваньні на сваю палітычную будучыню з пагаршэньнем эканамічнага стану ў Беларусі. Такія заявы здараліся ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Але пасьля таго, як спадзяваньні ня раз аказваліся марнымі, апазыцыйныя палітыкі сталі значна больш асьцярожнымі ў выказваньнях.

Што да грамадзкай рэакцыі на магчымае пагаршэньне эканамічнага стану ў выніку росту цэнаў на расейскі газ… Вядома, спадар Мароз, многія павераць, што віна за гэта кладзецца на Расею, на сквапнасьць расейскіх алігархаў ды палітыкаў. Але ёсьць жа і іншыя людзі, якія робяць высновы, грунтуючыся ня толькі на прапагандысцкіх штампах.

Генадзь Губарэвіч зь Менску ў сваім новым вялікім лісьце разважае пра палітычныя судовыя працэсы над актывістамі грамадзкіх арганізацыяў.

“Што гэта за злачынства такое — сяброўства ў незарэгістраванай арганізацыі? — зьдзіўляецца слухач. — Я б яшчэ зразумеў, калі б размова ішла пра забароненую арганізацыю. А так… І ўвогуле, што такое арганізацыя? Група падлеткаў, якая п’е піва на дзіцячай пляцоўцы — гэта арганізацыя ці не? А калі людзі сабраліся ў кагосьці дома паслухаць запісы заслужанай артысткі Анжалікі Агурбаш? Дзе пачынаецца арганізацыя?

І чаму адсутнасьць рэгістрацыі — ня проста адміністрацыйнае парушэньне (кшталту пераходу вуліцы на чырвонае сьвятло), а крымінальнае злачынства, якое караецца турэмным зьняволеньнем? У чым канкрэтна злачынства маладых людзей з арганізацыі “Партнэрства” — зразумець не магу. Дарэчы, цікава, а як бы сёньня наш суд абышоўся зь Цімурам і ягонай камандай?”

“Цімур і ягоная каманда” — гэта, калі нашы маладзейшыя слухачы ня ведаюць, аповесьць дзіцячага савецкага пісьменьніка Аркадзя Гайдара, якая была шырока вядомая ў СССР і справакавала зьяўленьне так званага цімураўскага руху. Юныя цімураўцы бескарысьліва дапамагалі па гаспадарцы старым, нямоглым і заслужаным.

Калі б сучасныя цімураўцы замест таго, каб насіць ваду і калоць дровы пэнсіянэрам захацелі стаць назіральнікамі на выбарах, то, думаю, спадар Губарэвіч, яна апынуліся там жа, дзе й актывісты “Партнэрства”. У поўнай адпаведнасьці з палітычнымі папраўкамі, унесенымі год таму прэзыдэнтам і дэпутатамі ў беларускі Крымінальны кодэкс.

Электронны ліст ад Канстанціна Міронава зь Менску. Слухач напісаў пад уражаньнем ад нядаўніх падзеяў у Вугоршчыне, калі на вуліцы Будапэшту з антыўрадавымі пратэстамі выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Масавыя акцыі пачаліся пасьля таго, як стала вядома, што вугорскі прэм’ер Фэрэнц Дзюрчань казаў няпраўду грамадзтву пра стан эканомікі краіны.

Канстанцін Міронаў у сваім лісьце піша:

“Падзеі ў Вугоршчыне даюць падставы для дзьвюх высноваў. Па-першае, усе былыя марксісцка-ленінскія партыі ёсьць злачыннымі арганізацыямі, а ўсе іх былыя сябры — злачынцы. І абыходжаньне зь імі павінна быць адпаведнае (хаця б пэўны адрэзак часу). Таму асабіста я ня веру былому сябру КПСС, а цяпер — свабоднаму журналісту. Таму я ня веру і былому камсамольска-партыйнаму функцыянэру, нават калі Лукашэнка пасадзіў яго ў турму за здраду.

Камуніст, нават перафарбаваны і палінялы, павінен пасядзець у турме. І мне ўсё роўна, хто яго туды пасадзіць — камісія ў справе расьсьледаваньня злачынстваў былых марксістаў-ленінцаў ці такі ж былы марксіст-ленінец. Проста ў гэтай сытуацыі справядлівасьць будзе адноўленая ў поўным аб’ёме. І гэта лепш, чым увогуле ніяк. А па-другое, калі народ хоча памяняць уладу, яму не патрэбныя лідэры, выбраныя на розных кангрэсах. Вінтоўка нараджае ўладу”.

Вы такі зацяты вораг бальшавізму, спадар Міронаў, а мэтады для барацьбы за ўладу прапануеце зусім бальшавіцкія. Аднаго разу ў Расейскай імпэрыі гэты мэтад зьмены ўлады ўжо апрабавалі. Адпрэчылі розныя ўстаноўчыя сходы, дэмакратычныя працэдуры — і далі слова “таварышу маўзэру”. І што ў выніку атрымалі?

Што да вашай ідэі пра турму для былых камуністаў. У КПСС у апошні год яе існаваньня было 20 мільёнаў савецкіх грамадзянаў. Яшчэ 40 мільёнаў мелі камсамольскія білеты. Дык што, спадар Міронаў, пабудуем супэртурму для былых марксістаў-ленінцаў, на тле якой нават сталінскі ГУЛАГ будзе выглядаць дзіцячай забавай?

Экстрэмісцкія лёзунгі, пад якім бы соўсам яны ні падаваліся — ці то барацьбы за камунізм, ці барацьбы з камунізмам — вядуць да аднолькавых наступстваў.

Ліст зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Дуброўцы нядаўна атрымалі новы нумар паўпадпольнай вясковай газэты “Дуброўскі настрой” і падзяліліся сваімі навінамі са “Свабодай”. Навіны ня надта вясёлыя. Цытую ананімнага аўтара:

“За апошнія дзесяць год, як падлічыла спадарыня Домначка, у Дуброве ад гарэлкі сканалі мо пяцьдзясят (а яна мяркуе, што да гэтага трэба дадаць яшчэ дзясятак нябожчыкаў), то разам — шэсьцьдзесят мужчынаў. Сытуацыя цынічная. З аднаго боку, дзяржава шырока налівае бязроднае пойла па таннай цане, спойвае народ. Паліца з алькаголем ніколі не бывае парожняй. Зь іншага боку, да паслугаў працоўных рознага кшталту ЛПП (лячэбна-працоўныя прафілякторыі) з крывадушным так званым “лячэньнем”.

А тым часам разумнейшыя калгасныя начальнікі пакрысе робяць стаўку не на сваіх люмпэнаў-калхозьнікаў, а на дабраякасную працоўную сілу — трохі адукаваную, дысцыплінаваную, ахайную. Так і пачалі зьяўляцца беспрацоўныя даяркі ды трактарысты. Сям-там на працу ў калхозы вэрбуюць украінцаў ці розную ўсходнюю набрыдзь, матывуючы гэта тым, што ў нас “усе п’яніцы”.

Такім чынам, спаіўшы наш народ, пазбавіўшы яго права на сваю зямлю, сваю мову, сваю культуру, ворагі цяпер наўпрост ставяць пытаньне пра яго фізычнае ўхіленьне, пазбаўляючы пакрысе і права на працу.

…От ты, Вася, ганарысься, што ня лезеш у палітыку. Правільна, Вася, такія як ты маргіналы несамастойныя ў палітыку ня шыюцца — там не наліваюць…”

Масавае п’янства, мноства залежных ад алькаголю людзей, а як вынік — няшчасныя сем’і — гэта на сёньня, магчыма, самая вялікая бяда беларускай вёскі. Аўтар гэтай нататкі жыве сярод такіх людзей, штодня сустракаецца і размаўляе зь імі. І яго іронія спалучаная не з насьмешкай і кпінамі, але з болем за тых, хто побач, за лёс сваёй зямлі і свайго паселішча.

Нават у застольна-запойны брэжнеўскі час алькаголь і алькагольныя сурагаты ня былі такімі танныя й такія даступнымі, як цяпер у Беларусі. У 1990-я гады прынята было пасьмейвацца над антыалкагольнай кампаніяй канца 1980-х гадоў, распачатай і на паўдарозе кінутай гарбачоўскім кіраўніцтвам СССР. Але сёньня маштаб гэтай бяды большы, чым быў у сярэдзіне 1980-х.

Ніхто не патрабуе ад улады абвяшчэньня новай кампаніі й масавага закрыцьця віна-гарэлачных крамаў. Але спыніць алькагалізацыю насельніцтва, адмовіцца ад спакусы штогоду атрымліваць у бюджэт трыльёны так званых “п’яных” рублёў, за якія заплачана жыцьцямі й здароўем соцень тысяч людзей — гэта абавязак улады. Зрабіць гэта яна можа без усялякіх агітацыйных кампаніяў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG