Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня -- Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. З гэтай нагоды прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкасьці зладзяць у Курапатах талаку і ўскладуць кветкі ў месцах масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскага тэрору. Акрамя таго, распачаты збор подпісаў пад зваротам грамадзкасьці да ўладаў з шэрагам прапаноў у справе ўшанаваньня памяці бязьвінна закатаваных.

Сёньня спаўняецца 69 гадоў, як ў Менску НКВД расстраляла групу беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Былі забітыя Янка Нёманскі, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін. Гэта быў апошні групавы расстрэл паэтаў у Менску, бо ў ноч на 29 кастрычніка ад рук сталіністаў загінулі 22 беларускія літаратары. Іхныя яміны-магілы ў знаходзяцца ў Курапатах. Усяго ж было рэпрэсавана 440 з 550-ці беларускіх творцаў. Таму зь Беларускага ПЭН-цэнтру гучаць прапановы, каб 29 кастрычніка быў абвешчаны Ўсясьветным днём памяці рэпрэсаваных пісьменьнікаў. Тым больш, што становішча ў сучаснай Беларусі пачынае нагадваць сталінскія часы, кажа намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч.

(Пятровіч: ) “Зараз створаны паралельны, праўладны саюз пісьменьнікаў. І я бачу якімі мэтадамі дзейнічаюць улады адносна тых пісьменьнікаў, якія сёньня працуюць у дзяржаўных органах, але хацелі б застацца ў саюзе Купалы і Коласа. Іх выклікаюць начальнікі, на іх ціснуць. Іх пазбаўляюць кантрактаў. Вось так пачыналася і некалі. Я ня ведаю чым гэта скончыцца, але нейкія паралелі паміж тым часам, 70 гадоў таму, і сёньняшнім днём можна праводзіць. Сёньня не 37-ы год, але можа быць 36-ы”.

Сказаў намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. Што думаюць пра магчымасьць палітычных рэпрэсіяў сёньняшнія жыхары краіны пытаюся ў мінакоў на вуліцах Менску.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці існуе ў Беларусі пагроза палітычных рэпрэсіяў?”

(Юнак: ) “Так, канечне ёсьць. Гэтулькі прыкладаў! Гэтулькі людзей прападае, якія супраць дзейнай улады!”

(Юнак: ) “Сам я гэтага не адчуў, а таму ня ведаю ці ёсьць ці няма”.

(Юначка: ) “Канечне, так. Хоць бы на прыкладзе таго, што журналісты, якія пачынаюць выступаць супраць улады, яны раптам хуценька некуды зьнікаюць”.

(Спадар: ) “Я думаю, што так. Бо тых людзей, якія выказваюць сваё меркаваньне, адрознае ад таго, што існуе пры цяперашняй сыстэме, перасьледуюць так ці інакш”.

(Спадар: ) “Ня толькі існуе пагроза. Калі людзей звальняюць з працы, альбо ціснуць на працы ці па месцы вучобы, то гэта канечне палітычныя рэпрэсіі. Тут не пагроза, а тут проста рэпрэсіі існуюць у Беларусі”.

Гаварылі менскія мінакі. Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ахвярамі сталінскай палітыкі рэпрэсіяў сталі 600 тысяч жыхароў Беларусі. Аднак незалежныя дасьледчыкі заяўляюць, што ад карнай сыстэмы саветаў наўпрост пацярпелі больш за мільён чалавек, не ўлічваючы іхныя сем’і. Гэта кожны пяты жыхар краіны. Таму прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх арганізацыяў распачалі збор подпісаў пад зваротам да вышэйшых ўладаў краіны. Гэта шэраг прапаноў у справе вывучэньня гісторыі палітрэпрэсій у Беларусі, а таксама ўшанаваньня памяці ахвяраў, кажа адзін зь ініцыятараў акцыі, дасьледчык Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Гэта неабходна рабіць таму, што гістарычны досьвед усяго чалавецтва вучыць: хто ня памятае гісторыі, асабліва яе трагічных старонак, той абавязкова паўторыць гэтыя памылкі. Гэта тое, што адбываецца ў нас у краіне”.

Паводле спадара Кузьняцова, ў ліпені наступнага году прадстаўнікі Беларусі прымуць удзел у Міжнародным кангрэсе “Камунізм да адказнасьці”, які адбудзецца ў Вільні. Сёньня ж а 15-гадзіне сябры партыі БНФ і грамадзкасьць распачнуць у Курапатах талаку па ўпарадкаваньню ўрочышча. А таксама ўшануюць памяць усіх ахвяраў палітычных сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG