Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы Банкаўскі кодэкс зьмяніў банкаўскую таямніцу


Міхал Стэльмак, Менск Уступіў у сілу новы Банкаўскі кодэкс. Ён зьмяніў кодэкс, які дзейнічаў ад 2001 году. У чым адметнасьць новых правілаў рэгуляваньня нацыянальнай банкаўскай сыстэмы?

Паводле афіцыйных асобаў, новы Банкаўскі кодэкс спатрэбіўся для ўдасканаленьня мэханізму рэгуляваньня банкаўскай сыстэмы. Напрыклад, уводзяцца новыя паняцьці: банкаўскі холдынг, банкаўская група… З другога боку, дакумэнт прадугледжвае павелічэньне кантрольных функцый, якімі надзяляецца Нацыянальны банк. Той, у прыватнасьці, будзе весьці нагляд як за камэрцыйнымі банкамі, так і небанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі. Гаворыць першы намесьнік старшыні Нацыянальнага банку Павел Калаур:

(Калаур: ) “Пашыраны адпаведныя правы Нацыянальнага банку па рэгуляваньню тых альбо іншых пытаньняў”.

Як лічаць распрацоўшчыкі дакумэнта, гэта прадыктавана дзяржаўнымі інтарэсамі. Паводле незалежных экспэртаў, у інтарэсах дзяржавы й забесьпячэньне самастойнасьці банкаўскай сыстэмы. Але ці прадугледжана гэта новым Банкаўскім кодэксам? Адказвае былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Недахоп у кодэксе: як упраўляецца банкаўская сыстэма, як упраўляецца Нацыянальны банк. Галоўны недахоп, што ён падпарадкаваны Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта ненармалёва, што ён падпарадкаваны кіраўніку выканаўчай улады. Нават парлямэнт не разглядае яго пытаньні”.

Новы кодэкс унёс зьмены ў такую інстытуцыю як банкаўская таямніца. Гаворыць начальнік галоўнай юрыдычнай управы Нацыянальнага банку Натальля Прасалава:

(Прасалава: ) “Новая рэдакцыя Банкаўскага кодэксу некалькі зьмяніла зьмест артыкулу, які рэгулюе ўзаемадачыненьні па банкаўскай таямніцы. Пашырылася кола асобаў, якія могуць атрымаць гэтую банкаўскую таямніцу. Што тычыцца юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, то ў гэты пералік уключаны органы дзяржаўнай бясьпекі”.

Цяперашні кодэкс, у адрозьненьне ад папярэдняга, не абмяжоўвае колькасьць асобаў, якім можа быць даверана банкаўская таямніца. Пашырыўся й пералік выпадкаў, пры якіх банкіры абавязаны паведамляць банкаўскую таямніцу. Калі раней права на яе атрыманьне мелі суды, якія разглядалі крымінальныя злачынствы грамадзянаў, то цяпер гэта тычыцца разгляду й адміністрацыйных правапарушэньняў. Паводле экспэртаў, гэта найперш тычыцца ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў, якіх караюць штрафамі і пра чые банкаўскія рахункі цяпер будуць ведаць судзьдзі. Меркаваньне прафэсара Багданкевіча:

(Багданкевіч: ) “Гэта, безумоўна, гаворыць пра паліцэйскую дзяржаву. Ахова асобы, яго даходаў, выдаткаў, яго укладаў, пераводаў павінна быць гарантавана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG