Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня завяршаецца стварэньне акруговых камісіяў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Беларусі завяршаецца чарговы этап выбарчай кампаніі -- стварэньне акруговых камісіяў. Іх у краіне 369, і менавіта яны будуць адсочваць абраньне дэпутатаў самага высокага на рэгіянальным узроўні рангу -- усіх абласных і менскага гарадзкога саветаў.

Лідэры апазыцыйных партыяў неаднаразова падкрэсьлівалі: на мясцовых выбарах для іх асабліва важна правесьці сваіх прыхільнікаў у сталічны ды абласныя саветы. Зыходзячы з гэтага, лягічна было б меркаваць, што яны актыўна правядуць вылучэньне кандыдатаў менавіта ў акруговыя камісіі. Але рэчаіснасьць паказвае, што гэта не так. Шмат дзе апазыцыйныя суполкі вырашылі спыніць вылучэньне. І тлумачаць гэта як дэманстрацыйны крок у адказ на тое, што іх прадстаўнікоў не ўключылі ў склад тэрытарыяльных камісіяў.

А ў Рагачове, прыкладам, наагул выбары хочуць байкатаваць. Пра гэта гаворыць прадстаўнік Аб''яднанай грамадзянскай партыі Віктар Жылінскі:

(Жылінскі:) "Мы прынялі пастанову і зварот да кіраўнікоў кааліцыі -- працаваць не на выбары, а на байкот гэтых выбараў. Няма сэнсу сваім удзелам легітымізаваць тое, што ёсьць цяпер у краіне. Гэтыя паперы мае кожны прадстаўнік нашай рагачоўскай кааліцыі (а гэта чатыры партыі і арганізацыя прадпрымальнікаў). І ён можа давесьці нашы погляды да кіраўніцтва сваіх арганізацыяў".

Апазыцыйныя актывісты ў рэгіёнах гавораць, што сёлета, калі параўноўваць з папярэднімі мясцовымі выбарамі, цэнтар менш дыктуе сваю волю філіям. Яны лічаць, што гэта правільна, паколькі ў розных рэгіёнах і розныя ўмовы. Прыкладам, у Менскай вобласьці АГП вылучыла ў акруговыя камісіі два дзесяткі сваіх актывістаў, паведамляе кіраўнік абласной філіі Леў Марголін:

(Марголін:) "Мы павінны прайсьці ўвесь шлях -- ад першага слупка да апошняга. Тым больш, што гэта не патрабуе ад нас надзвычайных высілкаў. Мы ведаем, што нікога з апазыцыі не ўключаць у акруговыя камісіі, як гэта было з тэрытарыяльнымі. Але статыстыку трэба рабіць".

Дык вось, што тычыцца статыстыкі. Згодна з папярэднімі зьвесткамі ўсе апазыцыйныя партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, разам вылучылі ў акруговыя камісіі прыкладна 200 кандыдатаў. Нагадаем, што ніводзін са 120 прэтэндэнтаў, якіх рэкамэндавала апазыцыя, ня трапіў у тэрытарыяльныя камісіі.

Апазыцыйныя партыі мяркуюць падсумаваць вынікі гэтага этапу кампаніі на сваім паседжаньні 30 кастрычніка. У кожнай вобласьці будзе сфармавана 60 акруговых камісіяў. У Менску фармуюцца 9 раённых тэрытарыяльных камісіяў, якія будуць выконваць функцыі акруговых.
XS
SM
MD
LG