Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прайшла канфэрэнцыя прадстаўнікоў дэмакратычных кааліцыяў


Радыё Свабода, Магілеў У прынятай дэклярацыі грамадзкія актывісты з Магілёва, Бабруйску, Асіповічаў, Крычава, Горак, Дрыбінскага, Хоцімскага ды Шклоўскага раёнаў заявілі, што адзінства дэмакратычных сілаў Беларусі знаходзіцца пад пагрозай расколу ды запатрабавалі ад кіраўніцтва цэнтральных структураў аб’яднанай апазыцыі выпрацоўкі канкрэтных захадаў дзеля захаваньня рэальнага адзінства дэмакратычных сілаў Беларусі.

Удзельнікі канфэрэнцыі бачаць далейшае ўзаемадзеяньне суб’ектаў аб’яднанай апазыцыі на прынцыпах салідарнасьці, узаемадапамогі, раўнапраўнага, узаемавыгаднага ды адказнага супрацоўніцтва. Лідэр жа аб’яднанай апазыцыі, на думку грамадзкіх актывістаў, павінен даказаць сваё права на лідэрства канкрэтнымі справамі і эфэктыўнай працай, а потым ужо быць абраным лідэрам.

Удзельнікі канфэрэнцыі заявілі пра сваё адзінства ў часе правядзеньне мясцовых выбараў, а таксама захаваньня кааліцыйнага ўзаемадзеяньня і ў пасьля выбарчы час. Асноўнымі сваімі задачамі грамадзкія актывісты разглядаюць умацаваньне ды паглыбленьне свайго патэнцыялу, распаўсюд непадцэнзурнай інфармацыі, аказаньне прававой і іншай дапамогі сябрам дэмакратычных арганізацыяў.

На канфэрэнцыі была створана Рада грамадзка-палітычных сілаў Магілёўскага рэгіёну з функцыямі кансультацыйна-каардынацыйнага органа, а таксама абраныя дэлегаты на агульнабеларускую канфэрэнцыю грамадзка-палітычных сілаў.
XS
SM
MD
LG