Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвіслач: адзначылі Дзень паўстанцаў 1863 года (абноўлены+фота)


Міхал Карневіч, Сьвіслач Нягледзячы на няспынны дождж каля 200 чалавек з розных куткоў Беларусі ўсклалі кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму, ягонаму брату Віктару, помніка Рамуальду Траўгуту, а таксама да крыжа, які ў 1997 годзе быў усталяваны ў былой сядзібе Каліноўскіх, што ў Якушоўцы. Сёньня ў гэтых месцах на Гарадзеншчыне прамаўлялі Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык й іншыя.

У сьвіслацкім касьцёле раніцай была адпраўлена імша за Кастуся Каліноўскага й паўстанцаў 1863 года. Тутэйшыя жанчыны, якія вышлі з касьцёла, расчулена казалі, як ксёндз цёпла ўзгадваў Кастуся Каліноўскага й паўстанцаў, маўляў, яны былі сапраўднымі героямі й паклалі свае жыцьці за народ.

Традыцыйна, ўсе, хто прыехаў сёньня ў Сьвіслач, напачатку ўсклалалі кветкі да магілы брата Кастуся – Віктара Каліноўскага. Віктар быў ідэолягам паўстаньня. Да могілкаў з аўтобусаў йшлі без сьцягоў, міліцыянты заранёў папярэдзілі арганізатараў, каб не рабілі шэсьця. Але потым каля магілы Віктара Каліноўскага развярнулі бела-чырвона-белыя сьцягі, стужкі, паклалі кветкі.



Вінцук Вячорка прамовіў:

(Вячорка: ) “Ушаноўваючы Каліноўскіх, мы ўшаноўваем вальналюбную традыцыю, якая культывавалася ў такіх радзінах стагодзьдзямі. І нягледзячы на тое, што вынішчалі гістарычную памяць, яна ўсё ж нікуды ня зышла. І штахвэту за братамі Каліноўскімі перанялі тыя, хто быў сёлета на плошчы й назваў яе ў гонар Кастуся Каліноўскага”.

У Сьвіслач сёньня збольшага зьехалася моладзь з усяе Беларусі. Некаторыя былі ўпершыню. Шмат рабілі здымкаў. Доўга не зыходзілі з могілак. Былі там і тыя, хто пад час сёлетніх сакавіцкіх падзеяў знаходзіўся ў Менску на Кастрычніцкай плошчы й даў ёй імя Каліноўскага.



Нягледзячы на праліўны дождж хлопцы й дзяўчаты казалі, што ў душах неяк цёпла ў гэтых месцах. Нават міліцыянты слухалі ўсё вельмі ўважліва й моўчкі, хоць й працягвалі ўсіх фільмаваць.

Пасьля арганізавана паехалі ў Якушоўку. Ізноў пачалі рабіць здымкі, аглядаць ваколіцы. На месцы былой сядзібы ў 1997 годзе гарадзенскімі й сьвіслацкімі актывістамі быў усталяваны высокі драўляны крыж. З тае пары й адзначаюць Дзень памяці паўстанцаў 1863 года. Крыж абкруцілі бел-чырвона белымі стужкамі, разьвярнулі сьцягі, запалілі зьнічкі.



На месцы колішняй сядзібы Каліноўскіх прамовіў Аляксандар Мілінкевіч. Ён быў з бела-чырвона-белым цалікам, кветкамі й адчувальна хваляваўся:

(Мілінкевіч: ) “У гісторыі ёсьць постаці, якія вядуць нас па жыцьці. Першы сярод першых у Беларусі, я лічу, Кастусь Каліноўскі. Ён зусім маладым аддаў сваё жыцьцё за Бацькаўшчыну, не раздумваючы, бо ведаў, што толькі воля дае жыцьцё народу. А ён любіў народ свой. Дай Бог й нам так любіць народ, як ён”.

Сябра БНФ з Горадні Сяргей Мальчык распавядаў, як 12 гадоў таму першы раз была ўшанавана памяць братоў Каліноўскіх й паўстанцаў. Ён нават распавядаў, што на месцы сядзібы была знойдзена пячатка паўстанцаў, але зараз ейны лёс невядомы.

З Якушоўкі ўсе удзельнікі імпрэзы накіраваліся ізноў у Сьвіслач, дзе ўсклалі яшчэ кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму й Рамуальду Траўгуту.
XS
SM
MD
LG