Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трымаецца народная памяць пра нашых продкаў, пра нашыя ахвяры” (абноўлены)


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньняшняму мітынгу ў Курапатах папярэднічала шэсьце вуліцамі Менска. У ім брала ўдзел каля тысячы чалавек. Калёна пад бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшла больш за 10 кілямэтраў ад парку Чалюскінцаў да Курапатаў.

Удзельнікі шэсьця пачалі зьбірацца на пляцоўцы каля гадзіньнікавага заводу прыкладна а 10-ай гадзіне раніцы. Людзі ў цывільным ужо дзяжурылі на выхадзе са станцыі мэтро. Яны і затрымалі больш за дзесяць, пераважна маладых людзей, са значкамі і тронкамі для сьцягоў, якія ішлі на месца збору. Асобы ў цывільным ніяк не тлумачылі свае дзеяньні. Гэтая акцыя вымусіла аднаго з арганізатараў шэсьця, актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алеся Чахольскага зьвярнуцца да ўдзельнікаў:

(Чахольскі: ) “ Гэта парушэньне! Ёсьць афіцыйны дазвол уладаў. Пакуль гэтыя людзі не будуць тут, мы рух не пачнем”.

Неўзабаве ўсе затрыманыя былі адпушчаныя, але сьцягі, ды іншую атрыбутыку ў іх сканфіскавалі. Калёна пад бел чырвона-белымі сьцягамі і транспарантамі супраць інтэграцыі з Расеяй, рушыла праспэктам у бок Курапатаў. Людзі несьлі 11 новых крыжоў, каб усталяваць іх на тэрыторыі мэмарыялу. Адзін з крыжоў нёс сакратар управы КХП БНФ Валер Буйвал:

(Буйвал: ) “Трымаецца народная традыцыя, народная памяць пра нашых продкаў, пра нашыя ахвяры. Пра тых беларусаў, якіх фізычна з намі цяпер няма, але гэтыя памерлыя пакаленьні, змагары за Беларусь, заўсёды застаюцца з намі”.

Сярод удзельнікаў шэсьця было вельмі шмат моладзі. Актывісты Маладога фронту патрабавалі вызваленьня сваіх зьняволеных сяброў і найперш Зьмітра Дашкевіча, якога заўтра пачнуць судзіць за кіраваньне і ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

(Моладзь скандуе: ) “ Дашкевічу – свабоду! Фінькевічу – свабоду! Свабоду – Севярынцу! Свабоду палітвязьням!”

Гаворыць актывістка незарэгістраванага Маладога фронту Наста Палажанка:

(Палажанка: ) “На жаль, у нас не засталося іншага выбару. Дзяды, гэта знак самай першай салідарнасьці. Мы ходзім у Курапаты. І мы заклікаем цяпер людзей партрэтамі, расьцяжкамі, кашулямі прыйсьці на суд і абараніць Зьмітра Дашкевіча. Гэта моладзевы лідэр, і мы павінны яго абараняць пачынаючы з сёньняшняга дня”.

Арганізатараў вельмі цешыла тое, што ў акцыі бярэ ўдзел шмат моладзі. Пра гэта гаварыў намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў. А вось як патлумачыў гэтую актыўнасьць маладых, актывіст незарэгістраванай ініцыятывы Вольная моладзь Мікіта Красноў:

(Красноў: ) “Чаму моладзь сёньня ў калёне? Відаць гэта даніна таму, што адбывалася сёлета. Падзеі гэтага году паднялі пласт моладзі. Гэтая хваля не спыняецца і моладзь ходзіць на ўсе акцыі. Шмат хто дагэтуль, на жаль, не ведаў пра Курапаты. А за апошні час, шмат хто пра гэтае месца даведаўся. І прыйшоў сёньня асэнсавана, каб аддаць даніну памяці тым, хто загінуў у Курапатах”.

Мінакі і многія кіроўцы аўто віталі ўдзельнікаў шэсьця на працягу ўсяго руху калёны.
XS
SM
MD
LG