Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: На Кабыляцкай гары памінулі растраляных (абноўлены+фота)


Радыё Свабода, Ворша Больш за два дзесяткі сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, мясцовых актывістаў і вернікаў розных канфесіяў сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, дзе ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя былі расстраляныя некалькі соцень мірных жыхароў.

Напачатку прысутныя прыбралі месцы масавых пахаваньняў, якіх тут, паводле ўспамінаў старажылаў, ёсьць 7 ці 8. Дакладную колькасьць пахаваных тут ахвяраў сталінізму ня ведае ніхто.

Парэшткі забітых людзей былі знойдзеныя ва ўрочышчы Кабыляцкая гара яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя пры будаўніцтве чыгункі да станцыі Ворша-Паўночная. Але толькі пасьля таго, як Беларусь даведалася пра менскія Курапаты, і ў Воршы была створаная адмысловая камісія па вывучэньні пахаваньняў.

Мясцовы актывіст Юры Копцік быў адным зь першых, каго зацікавіла гісторыя Кабыляцкае гары.

(Копцік:) “Па рэштках абутку, на якім была пазначаная дата выпуску, па характэрных кулявых адтулінах на лобнай частцы было вызначана, што расстрэлы праводзіліся ворганамі НКВД у другой палове 1930-х гадоў. І на сёньняшні дзень ёсьць толькі два афіцыйна пацьверджаных месцы расстрэлаў – гэта Курапаты і Кабыляцкая гара”.

Паводле распараджэньня Аршанскага гарвыканкаму ў 1992-м годзе на Кабыляцкай гары быў усталяваны вялікі помнік-камень. З тае пары прадстаўнікі ўладаў тут не зьяўляліся. А штогадовыя жалобныя імпрэзы на Дзяды, якія традыцыйна ладзяць партыйцы і вернікі, аршанская міліцыя ўважае за апазыцыйныя акцыі.



Помнік-камень на Кабыляцкай гары

Сёньняшні дзень у гэтым сэнсе стаўся выключэньнем: ніхто з прысутных не заўважыў навокал ніводнага міліцыянта. Затое аказалася перакапанай дарога да камня-помніка, чаго не было напярэдадні, і людзям давялося за некалькі дзесяткаў мэтраў абыходзіць створаныя перашкоды.

Пасьля ўскладаньня кветак і вянкоў паніхіду па загубленых ахвярах адслужыў уніяцкі сьвятар айцец Зьміцер (Грышан), які адмыслова дзеля гэтага прыехаў зь Віцебску.



Імшу па растраляным служыць а.Зьміцер

Свае вершы прачытала мясцовая паэтка Яўгенія Казлова. Разам зь іншымі сябрамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ яна штогод прыходзіць на Кабыляцкую гару.

(Казлова:) “Гэта мой абавязак. Мы павінны памятаць пра забітых, растраляных нашых суайчыньнікаў, смуткаваць, прыйсьці на малебен, прысьвечаны памяці гэтых вось людзей”.

О Божа сьветлы, Божа неўміручы, Ёсьць толькі спадзяваньне на Цябе: Пашлі нам сродак, дзіўны і гаючы, Каб скончыцца шматвекавой журбе!”



Свае вершы чытае Яўгенія Казлова
XS
SM
MD
LG